Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Мудрасці 6 Кніга Мудрасці 6 раздзел

1 Дык слухайце, цары, і разумейце; навучыцеся, суддзі канцоў зямлі!
2 Нахініце вушы, вы, што валадарыце над многімі і ганарыцеся мноствам народаў.
3 Бо Госпадам дадзена вам улада, і ад Узвышняга — валадаранне, Ён прасочыць вашыя ўчынкі і рассудзіць намеры,
4 бо калі вы былі служыцелямі Валадарства Яго, не судзілі справядліва, і не бераглі законнасці, ды не жылі паводле волі Божай.
5 Страшна і хутка з’явіцца Ён перад вамі, бо самы жорсткі суд будзе тым, якія панавалі;
6 бо найменшаму аказваецца міласэрнасць, а магутныя будуць моцна пакараныя.
7 Госпад бо не будзе зважаць на ніводную асобу і не забаіцца ніякай велічы, бо Ён учыніў малога і вялікага і роўна клапоціцца Ён пра ўсіх;
8 а над тымі, якія валадараць, адбываецца строгае даследаванне.
9 Дык да вас, цары, гэтыя мае словы, каб навучыліся вы мудрасці і не ўпалі.
10 Бо хто будзе берагчы справядлівае справядліва — будзе апраўданы; і хто навучыцца гэтаму — знойдзе абарону.
11 Дык прыміце словы мае, любіце іх і будзеце мець настаўленне.
12 Мудрасць ясная і ніколі не вяне: і лёгка яе бачаць тыя, хто яе любіць, і тыя знаходзяць яе, хто шукае яе.
13 Апярэджвае яна тых, якія яе жадаюць, каб ім першай паказацца.
14 Хто дзеля яе ўстае на світанні — не замучыцца, бо знойдзе яе, якая сядзіць пры дзвярах сваіх.
15 Дык аб ёй разважаць — вяршыня розуму, і хто дзеля яе не спіць — хутка вызваліцца ад бед.
16 Бо яна сама ходзіць кругом, шукаючы годных сябе, і радасна з’яўляецца ім на дарогах, ды выходзіць ім насустрач з усёй клапатлівасцю.
17 Пачатак бо яе найпраўдзівейшы — хацець вучыцца, а руплівасць пра навуку — гэта міласць,
18 і міласць — гэта пільнаванне законаў, а пільнаванне законаў — гэта зарука несмяротнасці,
19 а несмяротнасць набліжае да Бога;
20 такім чынам, пажаданне мудрасці вядзе да валадарства.
21 Дык калі вам мілыя пасады і скіпетры, о валадары народаў, шануйце мудрасць, каб валадарыць у векі вечныя.
22 А я паведамлю, што гэта за мудрасць і як паўстала, і не схаваю ад вас таямніц Божых, але ад пачатку нараджэння прасачу яе, і пазнанне яе выведу на святло, і не размінуся з праўдаю.
23 Ды не пайду шляхам знішчаючай зайздрасці, бо яна не будзе ўдзельніцай мудрасці.
24 Мноства ж мудрых — гэта збаўленне свету, і цар мудры — гэта апора народа.
25 Дык прыміце настаўленне ў словах маіх, і паможа вам.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Мудрасці, 6 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.