Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Мудрасці 13 Кніга Мудрасці 13 раздзел

1 Пустыя ж з натуры ўсе людзі, якія не пазнаюць Бога і якія з таго, што з’яўляецца добрым, не змаглі пазнаць Таго, Хто існуе і, гледзячы на стварэнні, не пазналі Творцу.
2 Але ці агонь, ці вецер, ці лёгкае паветра, ці круг зорак, ці бурлівую ваду, ці нябеснае святло — мастакоў свету — лічылі за багоў.
3 Калі, захопленыя іх хараством, лічылі іх за багоў — то мусілі зразумець, наколькі магутнейшы іх Валадар: бо стварыў іх Пачатак і Творца прыгажосці.
4 А калі іх моц і дзейнасць выклікалі ў іх здзіўленне, мусілі яны праз яго пазнаць, наколькі магутнейшы за іх Той, Хто іх стварыў:
5 бо з магутнасці і прыгажосці стварэнняў пазнаецца іх Творца.
6 Але яны, аднак, меншае заслугоўваюць нараканне, бо яны, хоць і памыляюцца, але Бога шукаюць і прагнуць знайсці.
7 Бо калі сутыкаюцца з творамі Яго, глядзяць і вераць убачанаму, бо прыгожае, на што глядзяць.
8 Але, зноў жа, і яны не без віны:
9 калі бо столькі змаглі зведаць, каб здолець пазнаць сусвет, — як не знайшлі несумненнага яго Валадара?
10 А нешчаслівыя тыя, што спадзяюцца на рэчы смяротныя, што багамі лічаць творы рук чалавечых: золата і срэбра, творы мастацкія і выявы звяроў або бескарысны камень, твор старадаўняй рукі.
11 А калі нейкі цясляр ссек у лесе адпаведнае дрэва, то ён умела зняў усю кару з яго і, выкарыстаўшы сваё майстэрства, старанна зрабіў посуд, прыдатны ў штодзённым ужытку;
12 а рэшткі гэтае работы ўжыў на прыгатаванне ежы, і наеўся, і ўзяў
13 тое, што засталося і ні да чаго не прыдатнае, дрэва крывое і сукаватае, выразаў старанна ў вольны час свой і ўмела ў час адпачынку свайго зрабіў яго падобным да выявы чалавека
14 або зрабіў яго падобным да нейкага марнага звераняці, намазаў чырвонай глінай і зрабіў колер яго ярка-чырвоным з дапамогаю пурпуровай фарбы, і замаляваў усякую пляму, што была на ім,
15 і падрыхтаваў яму належнае месца: на сцяне памясціў яго, прымацоўваючы жалезам.
16 Такім чынам, ён пастараўся, каб той часам не зваліўся, ведаючы, што ён сам сабе дапамагчы не можа, бо з’яўляецца толькі выяваю і патрабуе дапамогі.
17 І калі моліцца ў справе маёмасці, і ў справе шлюбаў і дзяцей — не саромеецца гаварыць з ім, бяздушным, і яго, бяссільнага, нават просіць аб здароўі,
18 і мёртвага моліць аб жыцці, і зусім бескарыснага моліць аб дапамозе, і пра шчаслівую дарогу просіць яго, які не можа нагой зварухнуць,
19 і аб заробку, і аб працы, і аб шчаслівых руках просіць карысці ад таго, чые рукі ёсць найбольш бяссільныя!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Мудрасці, 13 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.