Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Мудрасці 19 Кніга Мудрасці 19 раздзел

1 А над бязбожнымі трываў неміласэрны гнеў аж да канца; бо прадбачыў ён і будучыню іх:
2 бо калі яны дазволілі ім пайсці і выслалі з вялікай трывогай, то пашкадавалі аб гэтым і пагналіся за імі.
3 Бо яшчэ пагружаны былі ў жалобу і плакалі над магіламі памерлых, а вырашылі іншы неразумны намер і гналіся, як за ўцекачамі, за тымі, якіх, молячыся, павыганялі.
4 Бо падпіхвала іх да гэтага канца заслужаная доля; і забыліся аб тым, што здарылася, каб споўніла яна кару, якой не хапала плягам,
5 і каб народ Твой споўніў слаўнае падарожжа, яны ж каб знайшлі смерць нечуваную.
6 Усякае бо стварэнне зноў ператваралася ад пачатку ў сваёй натуры, паслухмянае Тваім загадам, каб дзяцей Тваіх ухаваць без шкоды.
7 Бо воблака ахінала лагер іх, а дзе стаяла раней вада, паказалася сухая зямля, з Чырвонага мора — свабодная дарога, і з бурлівай вады — зялёнае поле,
8 па якім прайшлі ўсе, каго хавала Твая рука, убачыўшы цуды Твае дзіўныя.
9 Яны пасвіліся, як коні на пашы, і гулялі, як ягняткі, славячы Цябе, Госпадзе, Які вызваліў іх.
10 Бо яшчэ памяталі сваё прабыванне, як зямля замест другіх жывёлін радзіла камароў і замест рыб рака выкінула мноства жаб.
11 А напрыканцы ўбачылі яны новы род птушак, калі, ахопленыя прагнасцю, прасілі прыемнай ежы:
12 бо для супакаення жадання наляцелі на іх з мора перапёлкі.
13 Ды кары прыйшлі на грэшнікаў не без папярэджваючых знакаў — раптоўных перуноў: справядліва бо цярпелі за свае ліхоты; бо мелі даволі вялікую нянавісць да чужынцаў.
14 Тыя ж не прынялі чужынцаў незнаёмых, а гэтыя ўзялі ў няволю дабрадзейных чужынцаў.
15 І не толькі гэта: але будзе яшчэ іншы суд на іх за тое, што яны варожа прымалі чужых;
16 а гэтыя, з радасцю іх прыняўшы, карыстаючыся роўнымі правамі, сталі ўціскаць самымі жудаснымі работамі.
17 Паражоныя ж яны былі слепатой, як тыя пры дзвярах справядлівага, калі непраглядная цемра іх ахапіла і кожны шукаў увахода ў дзверы свае.
18 Самыя стыхіі змяніліся, як у псалтэрыёне гукі змяняюць свой характар, заўсёды, аднак, застаючыся тымі самымі гукамі; лёгка гэта можна бачыць праз дакладнае нагляданне за мінулым.
19 Бо зямныя звяры змяніліся ў вадзяных, і вадзяныя выходзілі на сушу,
20 агонь у вадзе ўтрымліваў сваю сілу, і вада губляла ўласцівасць тушэння.
21 І наадварот: полымя не паліла цел кволых жывёл, пасярод яго ходзячых, ані нішчыла тое, што нішчылася лёгка — ежу несмяротную, падобную да лёду.
22 Ва ўсім бо ўзвысіў Ты народ Свой, Госпадзе, і ўславіў, ды не забыўся, дапамагаючы яму ў кожны час і на кожным месцы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Мудрасці, 19 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.