Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Мудрасці 7 Кніга Мудрасці 7 раздзел

1 І я чалавек смяротны, падобны да ўсіх, нашчадак таго смяротнага, хто першы ўтвораны быў з зямлі, і ва ўлонні маці быў створаны як цела;
2 за дзевяць месяцаў часу акрэпнуў у крыві, з насення мужчынскага і з любові, са сном злучанай.
3 І я, калі нарадзіўся, пачаў дыхаць супольным паветрам і выпаў на зямлю, якая церпіць усіх аднолькава, таксама першы голас выдаючы з плачам, — падобна да ўсіх.
4 У пялюшках і клопатах мяне выгадавалі;
5 ніводзін бо цар не меў іншага пачатку народзін.
6 Адзін жа ўсім уваход у жыццё і падобны выхад.
7 Дзеля таго я маліўся — і дадзены быў мне розум, і я прызваў — і сышоў на мяне дух Мудрасці.
8 Яе я паставіў вышэй за скіпетры і пасады, і што ёсць багацці ў параўнанні з ёю;
9 і нельга параўнаць з ёю каштоўныя камяні, бо ўсё золата ў параўнанні з ёю — жменя пяску, і срэбра пры ёй будзе лічыцца брудам.
10 Узлюбіў я яе больш за здароўе і прыгажосць і хацеў больш мець яе, чым святло, бо яе святло незгасальнае.
11 А з ёй разам прыйшлі да мяне ўсе даброцці, праз яе рукі — незлічоныя багацці,
12 і ўзрадаваўся я з іх усіх, бо прыводзіла іх Мудрасць, а я не ведаў, што яна ўсіх іх маці;
13 як я без хітрасці пазнаў, без зайздрасці пераказваю; не хаваю багаццяў яе.
14 Яна бо ёсць людзям бязмежны скарб; тыя, хто яе набыў, — падрыхтаваліся да сяброўства з Богам праз дары навучэння.
15 О, каб даў мне Бог выказаць думку і зразумець належна тое, што даручана мне, Ён бо Правадыр Мудрасці, і Настаўнік мудрых;
16 у руцэ бо Яго і мы, ды нашыя словы, і ўсякая мудрасць і спрактыкаванасць.
17 Ён бо даў мне ўсяго існуючага праўдзівае пазнанне, каб ведаў я пабудову свету і дзеянне стыхій:
18 пачатак, і канец, і сярэдзіну часоў, паслядоўнасць змен і перамены часу,
19 гадавыя абароты і размяшчэнне зорак,
20 прыроду жывёл і прыкметы звяроў, моц духаў і думкі людзей, розныя расліны і сілы каранёў.
21 І пазнаў я ўсё: і што скрытае, і што яўнае; навучыла бо мяне Мудрасць, Мастачка ўсяго!
22 У ёй бо дух разумны і святы, адзіны, шматлікі, тонкі, чысты, жвавы, праніклівы, ясны, беззаганны, бясшкодны, востры, які ніяк не забароніш, спагадлівы,
23 чалавечы, дабрадзейны, трывалы, непадманны, надзейны, спакойны, усемагутны і ўсевідушчы, і які працінае ўсе духі разумныя, чыстыя і найтанчэйшыя.
24 Мудрасць бо рухлівейшая за ўсякі рух, а праходзіць і працінае ўсё дзеля сваёй чысціні.
25 Ёсць бо дыханне магутнасці Божай і чыстае выцяканне славы Усемагутнага; таму нішто спракуджанае не прыліпае да яе;
26 яна ёсць адбітак вечнага святла, і люстра без заганы магутнасці Божай, і вобраз Яго дабрыні.
27 Адна, а ўсё можа; і, прабываючы сама ў сабе, усё аднаўляе, і праз пакаленні пераходзячы ў душы святых, прызначае сяброў Божых і прарокаў.
28 Бог бо мілуе таго толькі, хто сябруе з Мудрасцю.
29 Бо яна прыгажэйшая за сонца і за ўсякі збор зорак; пры параўнанні са святлом яна мае першынство:
30 па ім наступае ноч, а Мудрасці ліхота не перамагае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Мудрасці, 7 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.