Псалтыр 50 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Перевод Десницкого

 
 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава,
 

калі да яго прыходзіў прарок Натан пасьля таго, як Давід увайшоў да Вірсавіі.
 

Зьлітуйся, Божа, зь мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх загладзь беззаконьні мае!
 

Адмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго, і ад грэху майго ачысьці мяне:
 

бо беззаконьне маё я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды перада мною.
 

Табе, Табе аднаму я зграшыў і прад вачыма Тваімі благое ўчыніў: таму справядлівы Ты будзеш у прысудзе Тваім, і чысты ў судзе Тваім.
 

Вось, я ў беззаконьні зачаты, і ў грэху маці мая нарадзіла мяне.
 

Вось, палюбіў Ты праўду ў сэрцы і ўліў у мяне тайную мудрасьць.
 

Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся: абмый мяне, і бялей за сьнег адбялюся.
 

Дай мне ўцеху пачуць і радасьць, і ўзрадуюцца косьці, Табою паламаныя.
 

Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае.
 

Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа, і дух справядлівы аднаві ўва мне.
 

Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адбірай у мяне.
 

Вярні мне радасьць збавеньня Твайго, і Духам Уладным мяне падтрымай.
 

Я навучу беззаконцаў дарогам Тваім, і бязбожныя да Цябе навернуцца.
 

Вызваль мяне ад крывавасьці, Божа, Божа ратунку майго; і язык мой уславіць праўду Тваю.
 

Госпадзе! адкрый вусны мае, і вусны мае прагалосяць славу Табе:
 

бо калі б ахвяры Ты пажадаў, я даў бы яе; цэласпаленьне Табе не падабаецца.
 

Ахвяра Богу — дух упакораны; сэрца ўпакоранае і зьміранае Бог ня зьнішчае.
 

Ушчасьліві, Госпадзе, добрай воляй Тваёю Сіён, і хай паўстануць муры Ерусалімскія.
 

Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньні і цэласпаленьні; тады пакладуць на алтар Твой цялят.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.