Псальмы 50 псалом

Псальмы
Пераклад Антонія Бокуна → Перевод Десницкого

 
 

Псальм Асафа. Бог багоў, ГОСПАД прамовіў і кліча зямлю ад усходу сонца да захаду яго.
 

З Сыёну, вяршыні прыгажосьці, зазьзяў Бог.
 

Прыйдзе Бог наш і ня будзе маўчаць, перад абліччам Ягоным агонь палючы, навакол Яго — бура вялізарная.
 

Ён кліча неба, што ўверсе, і зямлю на суд народу Свайго:
 

«Зьбярыце да Мяне багабойных Маіх, якія заключылі запавет са Мною пры ахвяры!»
 

І будуць тады нябёсы апавядаць пра праведнасьць Ягоную, бо Сам Бог [ёсьць] Судзьдзя. (Сэлях)
 

«Слухай, народзе Мой, і Я буду гаварыць. Ізраілю, Я буду сьведчыць супраць цябе. Бог, твой Бог — гэта Я!
 

Не за ахвяры твае Я буду вінаваціць цябе, цэласпаленьні твае перада Мною заўсёды!
 

Не вазьму Я быкоў з дому твайго, ані казлоў з абораў тваіх,
 

бо Мае ўсе зьвяры лясныя і скаціна, што тысячамі [ходзіць] па гарах.
 

Я ведаю ўсіх птушак у гарах, і зьвяры палявыя — у Мяне.
 

Калі б Я згаладаўся, табе б Я не сказаў, бо Мой сусьвет і тое, што напаўняе яго.
 

Ці ж Я ем мяса валоў і п’ю кроў казлоў?
 

Ахвяруй падзяку Богу, і споўні перад Найвышэйшым абяцаньні твае.
 

І кліч Мяне ў дзень трывогі, Я выратую цябе, і будзеш ушаноўваць Мяне».
 

А да бязбожніка сказаў Бог: «Навошта ты пералічваеш пастановы Мае, узьнімаеш запавет Мой да вуснаў тваіх,
 

і ненавідзіш настаўленьне, і словы Мае за сябе кідаеш?
 

Калі бачыш злодзея, маеш упадабаньне ў ім, і з чужаложнікамі частка твая.
 

Вусны твае ты расчыняеш на злое, і язык твой кнуе падступнае.
 

Ты сядзіш і супраць брата твайго гаворыш, абмаўляеш сына маці тваёй.
 

Гэтак ты рабіў, а Я маўчаў. Дык здалося табе, што Я такі самы, як ты! Але Я буду караць цябе і пастаўлю [справы твае] перад вачыма тваімі».
 

Зважайце цяпер на гэта вы, што Бога забываеце, каб Я не схапіў [вас], бо ня будзе каму вызваліць.
 

Хто ахвяруе падзяку, той ушаноўвае Мяне, і хто парадкуе шлях свой, таму Я пакажу збаўленьне Божае.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.