Захарыі 12 глава

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Васіля Сёмухі → Русского Библейского Центра

 
 

Прарочае слова Госпада пра Ізраіля. Гасподзь, Які распрасьцёр неба, уцьвердзіў зямлю і ўтварыў дух чалавека ўсярэдзіне яго, кажа:
 

вось, Я зраблю Ерусалім чараю захапленьня ўсім навакольным народам, а таксама для Юды ў час аблогі Ерусаліма.
 

І будзе ў той дзень, зраблю Ерусалім цяжкім каменем усім плямёнам; усе, якія падымацьмуць яго, надарвуцца, а зьбяруцца супроць яго ўсе народы зямлі.
 

У той дзень, кажа Гасподзь, Я паб’ю кожнага каня шаленствам і верхаўца яго — вар’яцтвам, а на дом Юдаў разамкну вочы Мае; а кожнага каня ў народаў пакараю сьлепатою.
 

І скажуць князі Юдавыя ў сэрцах сваіх: сіла мая — жыхары Ерусалімскія ў Госпадзе Саваофе, Богу іхнім.
 

У той дзень Я зраблю князёў Юдавых — як жароўню з агнём паміж дровамі і як запаленую сьвяцільню сярод снапоў, і яны зьнішчаць усе навакольныя народы справа і зьлева, і зноў заселены будзе Ерусалім на сваім месцы, у Ерусаліме.
 

І ўратуе Гасподзь спачатку намёты Юды, каб веліч дому Давідавага і веліч жыхароў Ерусаліма ня ўзносілася над Юдам.
 

У той дзень абараняць будзе Гасподзь жыхароў Ерусаліма, і самы слабы сярод іх у той дзень будзе як Давід, а дом Давіда будзе як Бог, як анёл Гасподні перад імі.
 

І будзе ў той дзень, Я зьнішчу ўсе народы, якія нападацьмуць на Ерусалім.
 

А на дом Давіда і на жыхароў Ерусаліма вылью дух мілаты і замілаваньня, і яны паглядзяць на Яго, Якога пранізалі, і будуць галасіць па Ім, як галосяць па адзінародным сыне, і смуткаваць, як смуткуюць па першынцы.
 

У той дзень падымецца вялікі плач у Ерусаліме, як плач Гададрымона ў даліне Манідонскай.
 

І галасіцьме зямля, кожнае племя асобна: племя дому Давідавага асобна, і жанчыны іхнія асобна; племя дому Натанавага асобна, і жанчыны іхнія асобна;
 

племя дому Лявіінага асобна, і жанчыны іхнія асобна; племя Сымонавае асобна, і жанчыны іхнія асобна.
 

Усе астатнія плямёны — кожнае племя асобна, і жанчыны іхнія асобна.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.