Захарыі 11 глава

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Васіля Сёмухі → Русского Библейского Центра

 
 

Адчыняй, Ліване, брамы твае, і хай зжарэ агонь кедры твае.
 

Галасі, кіпарысе; бо ўпаў кедр, бо і велічныя спустошаны; галасеце, дубы Васанскія, бо паваліўся непраходны лес.
 

Чуцен голас галашэньня пастухоў, бо спустошана прывольле іхняе; чуцен рык медных ільвоў, бо спустошана краса Ярдана.
 

Так кажа Гасподзь Бог мой: пасьві авечак, асуджаных на закол,
 

якіх пакупцы забіваюць беспакарана, а прадаўцы кажуць: «дабраславёны Гасподзь; я разбагацеў!» і пастухі іхнія не шкадуюць пра іх.
 

Бо Я ня буду болей літаваць жыхароў зямлі гэтай, кажа Гасподзь; і вось, Я прадам людзей, кожнага ў рукі блізкага яго і ў рукі цара яго, і яны біцьмуць зямлю, і Я ня выбаўлю з рук іхніх.
 

І буду пасьвіць авечкі, асуджаныя на закол, авечкі ў ісьціне нябогія. І вазьму Сабе два жазлы, і назаву адзін — добрым упадабаньнем, другі — кайданамі, і зь імі буду пасьвіць авечкі.
 

І зьнішчу трох з пастыраў у адзін месяц; і адвернецца душа Мая ад іх, калі й іхняя душа адварочваецца ад Мяне.
 

Тады скажу: ня буду пасьвіць вас; якая памірае — хай памірае, і якая гіне — хай гіне, а якія застаюцца, хай ядуць плоць адна адной.
 

І вазьму жазло Маё добрага ўпадабаньня і зламаю яго, каб зьнішчыць запавет, які заключыў Я з усімі народамі.
 

І ён зьнішчаны будзе ў той дзень, і тады даведаюцца бедныя з авечак, якія чакаюць Мяне, што гэта — слова Госпада.
 

І скажу ім: калі заўгодна вам, дык дайце Мне плату Маю; калі ж не, — не давайце; і яны наважаць як плату Мне трыццаць срэбранікаў.
 

І сказаў мне Гасподзь: кінь іх у царкоўнае сховішча, — высокая цана, у Якую яны ацанілі Мяне! І ўзяў Я трыццаць срэбранікаў і кінуў іх у дом Гасподні ганчару.
 

І пераламаў Я другое жазло Маё — «кайданы», каб разарваць братнасьць паміж Юдам і Ізраілем.
 

І Гасподзь сказаў мне: яшчэ вазьмі сабе спаруду аднаго з дурных пастухоў.
 

Бо вось, Я пастаўлю на гэтай зямлі пастуха, які не парупіўся пра тых, што гінулі, тых, што згубіліся, ня будзе шукаць і хворых ня будзе лекаваць, здаровых ня будзе карміць, а мяса тлустых будзе есьці і капыты іхнія адарве.
 

Гора нездаляшчаму пастуху, які пакідае статак! меч на руку яго і на правае вока яго! рука яго зусім высахне, і правае вока яго зусім зацьміцца.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.