Юды 1 глава

Пасланне святога Юды
Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла → Пераклад Сабілы і Малахава

 
 

Юда, слуга Езуса Хрыста, брат Якуба, — пакліканым, якіх умілаваў Бог Айцец і захаваў Езус Хрыстус.
 
Юда, раб Ісуса Хрыста, і брат Якуба, — прыклíканым (і) асьвячоным Богам Ба́цькам і зьберажоным Ісусам Хрыстом:

Няхай памножацца ў вас ласка, спакой і любоў.
 
літасьць вам і мір і любоў (Бога) хай будуць памножаны.

Умілаваныя, з усёй руплівасцю пішу вам пра нашае супольнае збаўленне. Я палічыў неабходным заахвоціць вас змагацца за веру, раз перададзеную святым.
 
Любасныя! спажываючы ўсю рупнасьць, (каб) пісаць вам пра супольнае збаўле́ньне, я палічыў за абавязковасьць напісаць вам, заклікаючы сумесна змагацца за веру, аднойчы пераданую сьвятым.

Бо закраліся між вас нейкія людзі, здаўна прызначаныя на гэтае асуджэнне, бязбожнікі, якія ласку Бога нашага замянілі на разбэшчанасць і выракаюцца адзінага Валадара і нашага Пана, Езуса Хрыста.
 
Таму што ўкраліся нікаторыя людзі, зда́ўна прызна́чаныя для гэтага засуджэньня, бязбожныя, якія Багадаць Бога нашага пераварачаюць у распусту, і адзінага Валадара Бога і Госпада нашага Ісуса Хрыста адкідаючыя.

Хачу нагадаць вам, хоць вы ўсё ведаеце, што Пан вывеў народ з зямлі егіпецкай, а тых, хто не паверыў, знішчыў.
 
Напомніць жа хачу вам, якія аднойчы даведаліся гэта, што Госпад вызваліўшы народ зь зямлі Эгіпту, потым загубіў тых, што ня верылі.

Анёлаў, якія не захавалі сваёй годнасці і пакінулі сваё жыллё, Ён трымае ў вечных путах у цемры аж да вялікага суднага дня.
 
І ангелаў, якія ня захавалі сваёй годнасьці, але пакíнуўшых (мейсца) свайго жытла, утрымлівае ў цемры путамі вечнымі на суд вялікага дня.

Падобна Садома і Гамора, і навакольныя гарады, што таксама жылі ў распусце і пажадлівасці іншага цела, сталіся прыкладам пакарання вечным агнём.
 
Падобна Садому і Гаморы і местам вакол іх, якія падобна гэтым аддалíся блудадзейству і пайшлі за чужым целам, сталі прыкладам і былí адда́дзены справядлівасьці вечнага агню, —

Тое ж будзе і з гэтымі мройнікамі, якія апаганьваюць цела, адкідаюць Божую ўладу, зневажаюць нябесныя істоты.
 
таксама і гэтыя (украўшыяся людзі), мроючы, цела апаганьваюць, начальства ігнаруюць, вышэйшых ганьбуюць.

Нават арханёл Міхал, калі гаварыў з д’яблам, спрачаючыся за цела Майсея, не адважыўся вынесці прысуд знявагі, але сказаў: «Няхай Пан цябе пакарае!»
 
А Міхаіл Архангел, калі спрачаўся з д’яблам і даказываў адносна цела Масея, ня асьмеліўся вынясьці дакорлівага суду, але сказаў: хай забароніць табе Госпад.

А гэтыя зневажаюць тое, чаго не ведаюць, а што, як неразумныя жывёлы, па прыродзе ведаюць, тым сябе знішчаюць.
 
А гэтыя ліхасловяць тое, чаго ня ведаюць. А што ведаюць інстынктыўна, як няразумныя жывёлы, гэтым губяць сябе.

Гора ім, бо пайшлі шляхам Каіна. Дзеля ўзнагароды Балаама ўчынілі ашуканства і загінулі як узбунтаваны Карэй. На вашых гасцінах любові яны — ганьба, банкетуюць з вамі без страху, дагаджаючы сабе!
 
Гора ім, таму што пайшлі шляхам Каіна, і адда́ны заблуджэньню Валаамавай узнагароды, і загíнулі ў упартасьці Карэя.

Гэта аблокі бязводныя, што вецер ганяе, гэта восеньскія дрэвы, бясплодныя, цалкам засохлыя і выкаранёныя,
 
Яны ёсьць (прыхаваная) нябясьпека на вашых ага́пах, (яны) кормяцца бяз страху застольнічаючы з вамі: воблакі бязводныя, вятрамі ганяныя; дрэвы восеньскія, бясплодныя, двойчы памершыя, выкарчава́ныя;

гэта дзікія хвалі марскія, што пеняцца сваім сорамам, зоры блукаючыя, для якіх змрок цемры навекі наканаваны.
 
разьюшаныя марскія хвалі, што пе́няцца га́ньбамі сваімі; зоркі блуканьня, каторым цямнота цемры навек прыгатава́на.

Прарочыў пра іх Энох, сёмы пасля Адама, кажучы: «Вось прыйшоў Пан з мірыядамі святых,
 
Прарочыў жа і пра іх сёмы ад Адама Янох, кажучы: «вось, прыйшоў Госпад зь мірыядамі сьвятых Сваіх

каб учыніць суд над усімі і дакарыць кожнага за ўсе ўчынкі бязбожнасці і за ўсе жорсткія словы, сказаныя супраць Яго бязбожнымі грэшнікамі».
 
учынíць суд над усíмі і дакарыць між імі ўсіх бязбожных за ўсе íхнія бязбожныя ўчынкі, якíмі (яны) зьблюзьне́рылі, і за ўсе зьнява́гі, якія сказа́лі су́праць Яго бязбожныя грэшнікі».

Яны заўсёды наракаюць, скардзяцца на лёс, паступаюць паводле сваёй пажадівасці, а вусны іхнія гавораць пыхліва і ліслівяць іншым дзеля сваёй карысці.
 
Гэта наракальнікі няздавольныя, што ходзяць водля пажаданьняў сваіх, і вусны іхныя гавораць (словы) напышлівыя, падлыгваючы людзям дзеля карысьці.

Вы ж, умілаваныя, памятайце словы, сказаныя раней Апосталамі нашага Пана Езуса Хрыста,
 
Але вы, любасныя, успомніце словы, якія раней былí сказаныя Апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста,

які кажа вам, што ў апошнія часы з’явяцца насмешнікі, якія будуць паступаць паводле сваіх бязбожных жаданняў.
 
якія (яны) гаварылі вам, што ў апошні час зьявяцца насьміхальнікі, якія будуць хадзіць водля сваіх бязбожных пажаданьняў.

Гэта тыя, хто сее падзелы, кіруецца інстынктамі і не мае Духа.
 
Яны — аддзяляюць сябе (ад другіх верных), душэўныя, ня маючыя Духа (Сьвятога).

Але вы, умілаваныя, будуйцеся на найсвяцейшай веры вашай і маліцеся ў Духу Святым.
 
А вы, любасныя, будуючы сябе найсьвяцейшай вашай верай, молячыся ў Духу Сьвятым,

Захоўвайце сябе ў любові Божай і чакайце міласэрнасці нашага Пана Езуса Хрыста дзеля жыцця вечнага.
 
зьберажыце сябе ў любві Бога, чакаючы міласэрнасьці Госпада нашага Ісуса Хрыста на жыцьцё вечнае.

Да адных, што сумняваюцца, будзьце міласэрныя;
 
І адных мíлуйце разважаючы,

другіх ратуйце, выхопліваючы з агню; яшчэ іншым спачувайце асцярожна, ненавідзячы нават вопратку, апаганеную целам.
 
другіх жа ратуйце страхам, выхопліваючы з агню, нянавідзячы на́ват вопратку, апага́неную целам.

А таму, хто можа зберагчы вас ад падзення і паставіць перад абліччам славы сваёй беззаганнымі і радаснымі,
 
Таму ж, Хто мае сілу зьберагчы вас ад упадку і паставіць перад Абліччам славы Сваёй бяззага́ннымі і ў радасьці,

Богу адзінаму, Збаўцы нашаму, праз Езуса Хрыста, нашага Пана — слава, веліч, панаванне і ўлада перад усімі вякамі, цяпер і на ўсе вякі вечныя. Амэн.
 
адзінаму прамудраму Богу, Збавіцелю нашаму (празь Ісуса Хрыста, Госпада нашага) слава і веліч, сіла і ўлада і цяпер і на ўсе вякі. Амін.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.