2 Яана 1 глава

Другое Пасланьне Апостала Яана
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Стары, выбрана́й па́ні і дзецям ейным, каторых я люблю шчыра, і ня толькі я, але і ўсе, што спасьцíглі Праўду.
 
Старшы — Спажы Выбранцы і ейным нашчадкам, якіх я па-праўдзе люблю, ды ня толькі я, але і ўсе пазнаўшыя праўду

Па той прычыне, што ў нас жыве Праўда, і Яна ў нас будзе навек,
 
дзеля праўды, што трывае ў нас і будзе з намі навекі.

з намі будзе Багадаць, літасьць, мір ад Бога Ба́цькі і ад Госпада Ісуса Хрыста, Сына Ба́цькі па праўдзе і любві.
 
Ласка, міласэрддзе й супакой ад Бога Айца ды ад Езуса Хрыстуса, Сына Айовага, хай будзе з вамі ў праўдзе і любасьці!

Я дужа ўзрадаваўся, што знайшоў сярод дзяцей тваіх такіх, што ходзяць у Праўдзе, як мы дасталі прыказаньне ад Ба́цькі.
 
Я быў вельмі рад, што знайшоў зь дзяцей тваіх жывучых у праўдзе, паводля прыказання, якое мы атрымалі ад Айца.

І цяпер умаляю цябе, пані, ня як бы прадпісваючы табе новае прыказаньне, але тое, якое мы мелі ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго.
 
І цяпер прашу цябе, Спажа, не як новае прыказанне пішучы табе, але тое, што мелі ад пачатку: каб мы любілі адзін другога.

І гэта ёсьць любоў, каб мы жылí па прыказаньням Ягоным. Гэта ёсьць тое прыказаньне, якое вы пачулі ад пачатку, каб (вам) па яму жыць,
 
А любасьць гэна ёсьць у тым, каб мы праступалі паводля Ягоных прыказанняў. Гэта бо тое прыказанне, якое вы чулі спачатна, каб водля яго паступаць.

бо многія падманшчыкі прыйшлі ў сьвет, якія ня вызнаюць Ісуса Хрыста, што прыйшоў у целе: гэткі (чалавек) ёсьць падманшчык і антыхрыст.
 
Шмат бо зводнікаў зьявілася ў сьвеце, якія ня вызнаюць Езуса Хрыстуса, прыйшоўшага ў целе: гэткі ёсьць зводнікам і антыхрыстам.

Узірайцеся ў сябе, каб нам ня згубіць таго, (над чым) мы працавалі, але каб нам атрымаць поўную ўзнагароду.
 
Пільнуйце самых сябе, каб не страцілі таго, што запрацавалі, але каб атрымалі поўную заплату.

Кожны, хто пераступае навуку Хрыста, і ня прабывае ў ёй, Бога ня мае; хто прабывае ў наву́цы Хрыста — гэты мае Ба́цьку і Сына.
 
Кажны, хто адступае ад навукі Хрыстовай і ня трывае ў ёй, ня мае Бога; а хто трывае пры навуцы, той мае і Айца і Сына.

Калі хто прыходзіць да вас і гэтай навукі ня прыносіць, яго ня прыймайце ў дом і ня вітайце яго.
 
Калі хто прыйходзіць да вас, а навукі гэтай ня прыносіць, таго ня прыймайце ў дом, навет ня вітайце;

Бо хто вітае яго, той удзельнічае ў благіх учынках ягоных.
 
бо хто яго вітае, той удзельнічае ў благіх паступках ягоных.

Маючы многае вам пісаць, ня хачу на паперы і чарніламі, але спадзяюся прыйсьці да вас і гаварыць вуснамі да вуснаў, каб радасьць нашая была́ поўная.
 
Шмат чаго маю пісаць вам, але ня хочу на паперы чарнілам, спадзяюся бо быць у вас і гутарыць з вамі вусна, каб радасьць ваша была поўная.

Вітаюць цябе дзеці сястры тваёй выбранай. Амін.
 
Вітаюць цябе дзеці Выбранкі сястры твае.

Примечания:

 
 
Пераклад П. Татарыновіча

1 Старшы — гл. прадмову да гэтага Лісту. Нашчадкам — дзецям, вернікам Эклезіі.

6 ...прыказанне, якое чулі спачатна — прынцып добрага хрысьціяніна, каб шчыра трымацца традыцыі, навукі й пастановаў Апостольскіх.

7 Шмат бо зводнікаў — як вынікае з далейшых выснаваў, мова тут аб гэрэтыках гностыцызму, запярэчваючых, што Езус Хрыстус ёсьць Сынам Божым, хоць прыняў на сябе цела і душу чалавечу. Гэткае вачэнне напазор толькі можа выдавацца паступовым у працэсе пазнавання Бога (гносіс); а фактычна ёсьць яно назадніцтвам, хто бо запярэчвае Боства Хрыстуса, ўканцы адпадзе й ад Бога, дзецьмі Якога стаёмся толькі праз веру ў Сына Ягонага.

13 ...дзеці Выбранкі сястры — вернікі Эклезіі ў Эфэзе, дзе прабываў Ян.

 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.