Псальмы 115 псалом

Кніга Псальмаў
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Перевод Еп. Кассиана

 
 

Ня нам, Госпадзе, ня нам, але іменьню Твайму дай Ты славу — дзеля ласкі Тваёй, дэеля праўды Тваёй!
 

Чаму паганам казаць; Дзе-ж іх Бог?
 

А Бог наш на небе; усё, што схоча, Ён зробіць.
 

Іх богі — срэбра ды золата, творы рук чалавечых.
 

Маюць вусны, ды не гавораць; маюць вочы й ня бачаць;
 

маюць вушы й ня чуюць, маюць ноздры, ды нюху няма ў іх;
 

рукі ў іх, ды бяз вошчупу; ногі ў іх, ды ня ходзяць; і голасу горлам сваім не даюць.
 

Падобны да іх будуць тыя, што іх робяць, ды ўсе, што на іх спадзяюцца.
 

Ізраілю! Ты спадзявайся на Госпада: Ён нам і помач і шчыт наш!
 

Доме Ааронавы, спадзявайся на Госпада: Ён наша помач і шчыт наш!
 

Вы, што Госпада баіцёся, спадзявайцеся на Госпада: Ён наша помач і шчыт наш!
 

Госпад успомніў нас: багаслаўляць Ён будзе, багаслаўляць дом Ізраіля, багаслаўляць дом Ааронавы,
 

багаслаўляць будзе тых, што баяцца Госпада, разам малых і вялікіх.
 

Размножыць вас Госпад, вас і вашых дзяцей.
 

Багаслаўлены вы Госпадам, што неба стварыў і зямлю.
 

Неба ёсьць неба Гасподняе, зямлю-ж Ён людзям аддаў.
 

Ня мёртвыя Госпада хваляць, ня ўсе тыя, што ў край маўчаньня зыходзяць,
 

але мы хваліць будзем Госпада, ад сяньня й навекі. Альлілуя!
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.