1 І ў дванаццаты месяц, значыцца месяц Адар, у трынаццаты дзень яго, калі прыйшоў час споўніцца слову валадара і загаду ягонаму, у той дзень, калі ворагі Юдэяў спадзяваліся запанаваць над імі, і зьмянілася ўсё, так што Юдэі запанавалі над ворагамі сваімі,
2 сабраліся Юдэі ў гарадах сваіх, у-ва ўсіх акругах валадара, каб узьняць руку на тых, якія шукалі ім ліха; і ніхто ня стаў перад абліччам іхнім, бо страх перад імі ахапіў усе народы.
3 І ўсе князі акругаў і сатрапы, і ваяводы, і выканаўцы працаў валадарскіх падтрымлівалі Юдэяў, бо ахапіў іх страх перад Мардэхаем.
4 Бо вялікі быў Мардэхай у доме валадара, і вестка пра яго разыходзілася ў-ва ўсе акругі, бо чалавек гэты, Мардэхай, падымаўся і ўзьвялічваўся.
5 І білі Юдэі ўсіх ворагаў сваіх ударамі мяча, забіваючы і зьнішчаючы, і рабілі паводле жаданьня свайго тым, што ненавідзелі іх.
6 У Шушане сталіцы забілі Юдэі і вынішчылі пяцьсот чалавек.
7 І Паршандату, Далфона, Аспату,
8 Парату, Адалію, Арыдату,
9 Пармашту, Арысая, Арыдая і Ваізату, —
10 дзесяць сыноў Амана, сына Гамэдата, прыгнятальніка Юдэяў, яны забілі, але на рабаваньне ня выцягнулі рукі сваёй.
11 У той дзень дайшоў перад аблічча валадара лік забітых у Шушане сталіцы.
12 І сказаў валадар валадарцы Эстэр: «У Шушане сталіцы забілі Юдэі і выгубілі пяцьсот чалавек і дзесяцёх сыноў Амана. А ў пазасталых акругах валадарскіх што яны зрабілі? Якое жаданьне тваё? І яно будзе дадзена табе. І якая яшчэ просьба твая? І так станецца».
13 І сказала Эстэр: «Калі валадару [падаецца] добрым, няхай таксама дазволена будзе Юдэям, якія ў Шушане, і заўтра рабіць паводле закону сёньняшняга дня. А дзесяцёх сыноў Амана няхай павесяць на дрэве».
14 І сказаў валадар зрабіць гэтак, і быў абвешчаны закон у Шушане, і дзесяцёх сыноў Амана павесілі.
15 І сабраліся Юдэі, якія ў Шушане, таксама ў чатырнаццаты дзень месяца Адар, і забілі ў Шушане трыста чалавек, але на рабаваньне ня выцягнулі рукі сваёй.
16 А рэшта Юдэяў, якія [былі] ў акругах валадарскіх, сабраліся і сталі на [абарону] жыцьця свайго, і супакоіліся ад ворагаў сваіх, і забілі тых, якія ненавідзелі іх, семдзясят тысячаў, але на рабаваньне ня выцягнулі рукі сваёй.
17 [Так было] ў трынаццаты дзень месяца Адар; а ў чатырнаццаты [дзень] яны супакоіліся і зрабілі яго днём частаваньня і радасьці.
18 А Юдэі, якія [былі] ў Шушане, сабраліся ў трынаццаты дзень яго і ў чатырнаццаты дзень яго; а ў пятнаццаты дзень яго супакоіліся і зрабілі яго днём частаваньня і радасьці.
19 Дзеля гэтага Юдэі местачковыя, якія жывуць у гарадах неагароджаных, праводзяць чатырнаццаты дзень месяца Адар у радасьці і частаваньнях, як дзень сьвяточны, пасылаючы адны адным падарункі.
20 І апісаў Мардэхай гэтыя падзеі, і паслаў лісты да ўсіх Юдэяў, якія ў-ва ўсіх акругах валадара Ахашвэроша, да блізкіх і да далёкіх,
21 Каб яны з’абавязаліся сьвяткаваць чатырнаццаты дзень месяца Адар і пятнаццаты дзень яго, год у год,
22 як дні, у якія Юдэі супакоіліся ад ворагаў сваіх, і [як] той месяц, у які замяніўся для іх смутак у радасьць, і жалоба — у дзень сьвяточны, каб яны зрабілі іх днямі частаваньня і радасьці, пасылаючы адны адным падарункі і дары для бедных.
23 І прынялі Юдэі тое, што ўжо самі пачалі рабіць і пра што Мардэхай напісаў ім,
24 што Аман, сын Гамэдата, Агагянін, прыгнятальнік Юдэяў, думаў загубіць Юдэяў і кідаў пур, значыцца жэрабя, каб расьцярушыць іх і загубіць іх,
25 і што [Эстэр] прыйшла перад аблічча валадара, і ён сказаў у лісьце, каб намер нягодны, які [Аман] надумаў супраць Юдэяў, зьвярнуўся на галаву ягоную, і павесілі яго і сыноў ягоных на дрэве.
26 Дзеля гэтага назвалі дні гэтыя Пурым, ад слова “пур”. Дзеля гэтага паводле ўсіх словаў лісту гэтага і таго, што самі бачылі і што адбылося з імі,
27 пастанаўляючы, пастанавілі Юдэі і прынялі на сябе і на насеньне сваё, і на ўсіх, хто далучыцца да іх, непарушна сьвяткаваць гэтыя два дні паводле напісанага пра іх і паводле тэрміну іхняга, кожны год.
28 І дні гэтыя маюць узгадвацца і сьвяткавацца ў-ва ўсіх пакаленьнях, і ў кожнай сям’і, і ў кожнай акрузе, і ў кожным горадзе. І дні гэтыя Пурыму не забудуцца сярод Юдэяў, памяць пра іх ня зьнішчыцца ў насеньні іхнім.
29 І напісала Эстэр валадарка, дачка Абіхаіла, і Мардэхай Юдэй з усёю ўладаю, каб выконвалі гэты другі ліст пра Пурым.
30 І паслалі лісты да ўсіх Юдэяў, у сто дваццаць сем акругаў валадарства Ахашвэроша са словамі супакою і праўды,
31 каб прызначыць гэтыя дні Пурыму ў тэрмін іхні, які прызначыў ім Мардэхай Юдэй і Эстэр валадарка, і як яны [самі] прызначылі сабе і насеньню свайму напамін посту і галашэньня свайго.
32 І слова Эстэр зацьвердзіла гэты напамін пра Пурым, і было ўпісана ў кнігу.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Эстэр, 9 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.