Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Быццё 35 Быццё 35 раздзел

1 Бог сказаў Якаву: устань, ідзі ў Вэтыль і жыві там, і спарудзі там ахвярнік Богу, Які явіўся табе, калі ты ўцякаў ад аблічча Ісава, брата твайго.
2 І сказаў Якаў дому свайму і ўсім, хто быў зь ім: кіньце багоў чужых, якія ў вас, і ачысьціцеся, і перамянеце вопратку вашую;
3 устанем і пойдзем у Вэтыль; там уладжу я ахвярнік Богу, Які пачуў мяне ў дзень бедства майго, і быў са мною на шляху, якім я хадзіў.
4 І аддалі Якаву ўсіх багоў чужых, якія былі ў руках у іх, і завушніцы, якія былі ў вушах у іх; і закапаў іх Якаў пад дубам, які непадалёк ад Сіхема.
5 І рушылі яны. І была жудасьць Божая на навакольных гарадах, і не перасьледавалі сыноў Якава.
6 І прыйшоў Якаў у Луз, што ў зямлі Ханаанскай, гэта значыць, у Вэтыль, сам і ўсе людзі, якія былі зь ім,
7 і спарудзіў там ахвярнік, і назваў тое месца: Эль-Вэтыль; бо тут зьявіўся яму Бог, калі ён уцякаў ад аблічча брата свайго.
8 І памерла Дэвора, карміцелька Рэбэкі, і пахаваная ніжэй Вэтыля пад дубам, які і назваў Якаў дубам плачу.
9 І зьявіўся Бог Якаву пасьля вяртаньня яго зь Месапатаміі, і дабраславіў яго,
10 і сказаў яму Бог: імя тваё Якаў; ад сёньня ты ня будзеш называцца Якавам, а будзе імя табе Ізраіль. І даў яму імя: Ізраіль.
11 І сказаў яму Бог: Я Бог Усемагутны; пладзіся і множся; народ і мноства народаў будзе ад цябе, і цары пойдуць са сьцёгнаў тваіх;
12 зямлю, якую Я даў Абрагаму і Ісааку, Я дам табе, і нашчадкам тваім пасьля цябе дам зямлю гэтую.
13 І ўзышоў ад яго Бог зь месца, на якім гаварыў яму.
14 І паставіў Якаў помнік на месцы, на якім гаварыў яму Бог, помнік каменны, і выліў на яго выліваньне, і выліў на яго алей;
15 І даў Якаў імя месцу, на якім Бог гаварыў яму: Вэтыль.
16 І выправіліся з Вэтыля. І калі яшчэ заставалася нейкая адлегласьць зямлі да Эфраты, Рахіль нарадзіла, і роды ў яе былі цяжкія.
17 А калі яна пакутавала ў родах, бабка-павітуха сказала ёй: ня бойся, бо гэта табе сын.
18 І калі выходзіла зь яе душа, бо яна памірала, дык дала яму імя: Бэноні. Але бацька яго пераназваў яго Веньямінам.
19 І памерла Рахіль, і пахавана на дарозе ў Эфрату, гэта значыцца, Віфляем.
20 Якаў паставіў над магілай яе помнік. Гэта магільны помнік Рахілі да гэтага дня.
21 І выправіўся Ізраіль і паставіў намёт свой за вежаю Гадэр.
22 У час, калі Ізраіль быў у той краіне, Рувім пайшоў і пераспаў з Валаю, наложніцаю бацькі свайго. І дачуўся Ізраіль. А сыноў у Якава было дванаццаць.
23 Сыны Ліі: першынец Якава Рувім, пасьля яго Сымон, Левій, Юда, Ісахар і Завулон.
24 Сыны Рахілі: Язэп і Веньямін.
25 Сыны Валы, служанкі Рахілінай: Дан і Нэфталім.
26 Сыны Зэлфы, служанкі Ліінай: Гад і Асір. Гэта сыны Якава, якія нарадзіліся яму ў Месапатаміі.
27 І прыйшоў Якаў да Ісаака, бацькі свайго, у Мамрэ, Кірыят-Арбу, гэта значыць, Хэўрон, дзе вандраваў Абрагам і Ісаак.
28 І было дзён жыцьця Ісаакавага сто восемдзесят гадоў.
29 І выпусьціў Ісаак дух і памёр, і прыклаўся да народу свайго, калі ўжо быў стары і насычаны жыцьцём. І пахавалі яго Ісаў і Якаў, сыны ягоныя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Быццё, 35 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.