Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Выхад 38 Выхад 38 раздзел

1 І зрабіў ахвярнік цэласпаленьня з дрэва сітым даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, чатырохкутны, вышынёю ў тры локці,
2 і зрабіў рогі на чатырох кутах яго, так што зь яго выходзілі рогі, і абклаў яго медзьдзю.
3 І зрабіў усе прылады ахвярніка: гаршкі; лапаты, чары, вілкі і вугольнікі; усе прылады яго зрабіў зь медзі.
4 І зрабіў для ахвярніка рашотку, як сетку, зь медзі, па краі яго ўнізе да палавіны яго;
5 і зрабіў чатыры колцы на чатырох кутах меднай рашоткі для ўкладваньня жэрдак,
6 і зрабіў жэрдкі з дрэва сітым, і абклаў іх медзьдзю,
7 і ўклаў жэрдкі ў колцы па баках ахвярніка, каб насіць яго на іх; пусты ўсярэдзіне з дошак зрабіў яго.
8 І зрабіў умывальнік зь медзі і падножжа яго зь медзі з далікатнымі выявамі, якія ўпрыгожвалі ўваход у скінію сходу.
9 І зрабіў двор: з паўднёвага боку, на поўдзень, заслоны з суканага вісону даўжынёю ў сто локцяў;
10 слупоў для іх дваццаць і падножжаў да іх дваццаць медных; гачкі ў слупоў і повязі іх з срэбра.
11 І па паўночным баку — заслоны ў сто локцяў; слупоў для іх дваццаць і падножжаў да іх дваццаць медных; гачкі ў слупоў і повязі з срэбра.
12 І з заходняга боку — заслоны ў пяцьдзясят локцяў, слупоў для іх дзесяць і падножжаў да іх дзесяць, гачкі ў слупах і повязі іх з срэбра.
13 і зь відавога боку на ўсход — заслоны ў пяцьдзясят локцяў.
14 Для аднаго боку брамы двара — заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры і падножжаў да іх тры;
15 і для другога боку — заслоны ў пятнаццаць локцяў, слупоў для іх тры і падножжаў да іх тры.
16 Усе заслоны ва ўсе бакі двара з суканага вісону,
17 а падножжы ў слупоў зь медзі; гачкі ў слупах і повязі іх з срэбра; а вярхі ў іх абкладзены срэбрам, і ўсе слупы двара злучаны повязямі срэбнымі.
18 А заслона для брамы двара ўзорыстага вырабу з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону, даўжынёю ў дваццаць локцяў, вышынёю ў пяць локцяў, па ўсёй працягласьці, падобна на заслону двара;
19 і слупоў для яго чатыры і падножжаў да яго чатыры медныя; гачкі ў іх срэбныя, а вярхі іх абкладзены срэбрам, і повязі іх срэбныя.
20 Усе калы вакол скініі і двара медныя.
21 Вось падлік таго, што скарыстага для скініі адкрыцьця, зробленае паводле загаду Майсея, лявітамі пад наглядам Ітамара, сына Ааронавага, сьвятара.
22 А рабіў усё, што загадаў Гасподзь Майсею, Вэсэлііл, сын Урыі, сын Ора, з племя Юдавага,
23 І зь ім Агаліяў, сын Ахісамахаў, з племя Данавага, разьбяр і ўмелы ткач і вышывальшчык па блакітнай, пурпуровай, чырванёнай і вісонавай тканіне.
24 Усяго золата, ужытага ў працу на ўсе прылады сьвятыні, золата, прынесенага ў дар, было дваццаць дзевяць талантаў і сямсот трыццаць сікляў, сікляў сьвяшчэнных;
25 а срэбра ад падлічаных асобаў супольства сто талантаў і тысяча сямсот семдзесят пяць сікляў, сікляў сьвяшчэнных;
26 з шасьцісот трох тысяч пяцісот пяцідзесяці чалавек, з кожнага, хто быў падлічаны, ад дваццаці гадоў і вышэй, па паўсікля з чалавека, лічачы на сікль сьвяшчэнны.
27 Сто талантаў срэбра ўжыта на ліцьцё падножжаў сьвятыні і падножжаў у заслоны; сто падножжаў са ста талантаў, па таланце на падножжа;
28 а з тысячы сямісот сямідзесяці пяці сікляў зрабіў ён гачкі ў слупах і пакрыў вярхі іх і зрабіў повязі для іх.
29 А медзі, прынесенай у дар, было семдзесят талантаў і дзьве тысячы чатырыста сікляў;
30 зь яе зрабіў ён падножжы да слупоў каля ўваходу ў скінію сьведчаньня, і ахвярнік медны, і рашотку медную для яго, і ўвесь посуд ахвярніка,
31 і падножжы да слупоў усяго двара, і падножжы да слупоў брамы двара, і ўсе калы скініі і ўсе калы вакол двара.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Выхад, 38 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.