Библия Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Выхад, 19 Выхад, 19 глава

1 На трэцім месяцы пасьля выхаду сыноў Ізраіля зь зямлі Егіпецкай, у самы дзень маладзіка, прыйшлі яны ў пустыню Сінайскую.
2 І рушылі яны з Рэфідыма, і прыйшлі ў пустыню Сінайскую, і сталі там табарам у пустыні: і стаў там Ізраіль табарам насупраць гары.
3 Майсей узышоў да Бога, і заклікаў яго Гасподзь з гары, кажучы: так скажы дому Якава і абвясьці сынам Ізраіля:
4 вы бачылі, што Я зрабіў Егіпцянам, і як Я насіў вас на арліных крылах, і прынёс вас да Сябе;
5 дык вось, калі вы будзеце слухацца голасу Майго і шанаваць запавет Мой, дык будзеце Маім скарбам з усіх народаў, бо Мая ўся зямля,
6 а вы будзеце ў Мяне царствам сьвятароў і народам сьвятым; вось словы, якія ты скажаш сынам Ізраілевым.
7 І прыйшоў Майсей і склікаў старэйшынаў народу і прапанаваў ім усе гэтыя словы, якія наказаў яму Гасподзь.
8 І ўвесь народ адказаў у адзін голас, кажучы: усё, што сказаў Гасподзь, выканаем. І данёс Майсей словы народу да Госпада.
9 І сказаў Гасподзь Майсею: вось, Я прыйду да цябе ў густым воблаку, каб чуў народ, як Я буду гаварыць з табою, і паверыў табе назаўсёды. І Майсей абвясьціў словы народу да Госпада.
10 І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да народу, і асьвяці яго сёньня і заўтра; хай вымыюць вопратку сваю,
11 каб быць гатовымі да трэцяга дня: бо на трэці дзень сыйдзе Гасподзь на вачах ва ўсяго народу на гару Сінай;
12 і правядзі народу рысу з усіх бакоў і скажы: сьцеражэцеся ўзыходзіць на гару і дакранацца да падножжа яе: кожны, хто дакранецца да гары, аддадзены будзе сьмерці;
13 хай рука не дакранецца да яго, а хай паб’юць яго камянямі, альбо застрэляць стралою; хай то быдла, хай чалавек, а хай не застанецца жывы; у час працяглага трубнага гуку, могуць яны ўзысьці на гару.
14 І сышоў Майсей з гары да людзей і асьвяціў людзей, і яны вымылі вопратку сваю.
15 І сказаў народу: будзьце гатовыя да трэцяга дня; не дакранайцеся да жонак.
16 На трэці дзень, як занялася раніца, былі грымоты і маланкі, і густая хмара над гарою і трубны гук даволі моцны: і затрымцеў увесь народ, які быў у табары.
17 І вывеў Майсей людзей з табара насустрач Богу, і сталі каля падножжа гары.
18 А гара Сінай уся дымілася ад таго, што Гасподзь сышоў на яе ў агні; і падымаўся ад яе дым, як дым зь печы, і ўся гара моцна хісталася:
19 і гук трубны рабіўся мацнейшы і мацнейшы. Майсей гаварыў, і Бог адказваў яму голасам.
20 І сышоў Гасподзь на гару Сінай, на вяршыню гары, і заклікаў Гасподзь Майсея на вяршыню гары, і ўзышоў Майсей.
21 І сказаў Гасподзь Майсею: сыйдзі і пацьвердзі народу, каб ён не парываўся да Госпада ўбачыць Яго, і каб не загінулі многія зь яго:
22 а сьвятары, якія набліжаюцца да Госпада, павінны асьвяціць сябе, каб ня ўразіў іх Гасподзь.
23 І сказаў Майсей Госпаду: ня можа народ узысьці на гару Сінай: бо Ты папярэдзіў нас, сказаўшы: правядзі мяжу вакол гары і асьвяці яе.
24 І Гасподзь сказаў яму: ідзі, сыйдзі, потым узыйдзі ты і з табою Аарон: а сьвятары і народ няхай не парываюцца ўзыходзіць да Госпада, каб Гасподзь ня ўразіў іх.
25 І сышоў Майсей да людзей і пераказаў ім.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Выхад, 19 глава. Пераклад Васіля Сёмухі

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда
  8. Ветхий Завет сегодня


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.