Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Езэкііля 33 Езэкііля 33 раздзел

1 І было мне слова Гасподняе:
2 сыне чалавечы! прамові слова да сыноў народу твайго і скажы ім: калі Я на якую-небудзь зямлю навяду меч, і народ той зямлі возьме спасярод сябе чалавека і паставіць яго ў сябе вартаўніком,
3 і ён, як убачыць меч, што ідзе на зямлю, затрубіць у трубу і асьцеражэ народ,
4 і калі хто будзе слухаць голас трубы, але не асьцеражэ цябе; дык калі меч прыйдзе і захопіць яго, кроў ягоная будзе на яго галаве.
5 Голас трубы ён чуў, але не асьцярогся, кроў ягоная на ім будзе; а хто асьцярогся, той выратуе жыцьцё сваё.
6 Калі ж вартаўнік бачыў, як ішоў меч, і не затрубіў у трубу, і народ ня быў перасьцярожаны, дык калі прыйдзе меч і адбярэ ў каго зь іх жыцьцё, гэты будзе схоплены за грахі свае, але кроў ягоную спагоняць з рук вартаўніка.
7 І цябе, сыне чалавечы, Я паставіў вартавым дому Ізраілеваму, і ты будзеш чуць з вуснаў Маіх слова і настаўляць іх на розум ад Мяне.
8 Калі Я скажу беззаконьніку: «пахібнік! ты сьмерцю памрэш», а ты ня будзеш нічога казаць, каб асьцерагчы пахібніка ад шляху ягонага, дык пахібнік той памрэ за грэх свой, але кроў ягоную спаганю з рукі тваёй.
9 Калі ж ты асьцерагаў пахібніка ад шляху ягонага, каб ён адвярнуўся ад яго, але ён ад шляху свайго не адвярнуўся, дык ён памірае за грэх свой, а ты выратаваў душу тваю.
10 І ты, сыне чалавечы, скажы дому Ізраілеваму: вы кажаце так: «злачынствы нашыя і грахі нашыя на нас, і мы растаем у іх: як жа мы можам жыць?»
11 Скажы ім: жыву Я, кажа Гасподзь Бог: не хачу сьмерці грэшніка, а каб грэшнік адвярнуўся ад шляху свайго і жывы быў. Адвярнецеся, адвярнецеся ад ліхіх шляхоў вашых; і навошта паміраць вам, доме Ізраілеў?
12 І ты, сыне чалавечы, скажы сынам народу твайго: праведнасьць праведніка не ўратуе ў дзень злачынства ягонага, і пахібнік за пахібнасьць сваю не загіне ў дзень, калі адвернецца ад пахібнасьці сваёй, гэтак сама як і праведнік у дзень зграшэньня свайго ня можа застацца жывы за сваю праведнасьць.
13 Калі Я скажу праведніку, што ён будзе жывы, а ён паспадзяецца на сваю праведнасьць і ўчыніць няпраўду, дык усе праведныя ўчынкі яго не ўзгадаюцца, — і ён памрэ ад няпраўды сваёй, якую ўчыніў.
14 А калі скажу пахібніку: «ты сьмерцю памрэш», і ён адвернецца ад грахоў сваіх і будзе чыніць справядлівасьць і праўду,
15 калі гэты пахібнік верне заклад, за адабранае заплаціць, будзе хадзіць паводле законаў жыцьця, ня робячы нічога благога, — дык ён будзе жывы, не памрэ.
16 Ніводзін грэх ягоны, якія ён зрабіў, не ўзгадаецца яму; ён пачаў чыніць справядлівасьць і праўду, ён будзе жывы.
17 А сыны народу твайго кажуць: «няправільны шлях Госпада», тым часам як іхні шлях няправільны.
18 Калі праведнік адступіўся ад праведнасьці сваёй і пачаў чыніць пахібна, дык ён памрэ за тое.
19 І калі пахібнік адвярнуўся ад пахібнасьці сваёй і пачаў чыніць справядлівасьць і праўду, ён будзе за тое жывы.
20 А вы кажаце: «няправільны шлях Госпада!» Я буду судзіць вас, доме Ізраілеў, кожнага паводле шляхоў ягоных.
21 У дванаццатым годзе нашага перасяленьня, у дзясятым месяцы, у пяты дзень месяца, прыйшоў да мяне адзін з тых, што выратаваліся, зь Ерусаліма і сказаў: «разбураны горад!»
22 Але яшчэ да прыходу гэтага ўратаванага ўвечары была на мне рука Госпада, і Ён разамкнуў мне вусны, перш чым той прыйшоў да мяне раніцай. І разамкнуліся вусны мае, і я ўжо ня быў бязмоўны.
23 І было мне слова Гасподняе:
24 сыне чалавечы! тыя, што жывуць на апусьцелых мясьцінах у зямлі Ізраілевай, кажуць: Абрагам быў адзін — і атрымаў на валоданьне зямлю гэтую, а нас многа; дык вось, нам дадзена зямля гэтая на валоданьне.
25 Таму скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: вы ясьце з крывёю і падымаеце вочы вашыя да ідалаў вашых і праліваеце кроў, — і хочаце валодаць зямлёю?
26 Вы абапіраецеся на меч ваш, робіце гідоты, апаганьваеце жонку адзін у аднаго, і хочаце валодаць зямлёю?
27 Вось, што скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: жыву Я! тыя, якія — на мясьцінах спустошаных, загінуць ад меча, а хто — у полі, таго аддам, каб зьелі зьвяры; а якія — ва ўмацаваньнях і ў пячорах, тыя памруць ад згубнай пошасьці.
28 І зраблю зямлю пустыняю з пустынь, і ганарлівая магутнасьць яе спыніцца, і горы Ізраілевыя апусьцеюць, так што ня будзе праходжых.
29 І ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі зраблю зямлю пустыняю з пустынь за ўсе гідоты іхнія, якія яны рабілі.
30 А пра цябе, сыне чалавечы, сыны народу твайго гавораць каля сьцен і ў дзьвярах дамоў і кажуць адзін аднаму, брат брату: ідзеце і паслухайце, якое слова выйшла ад Госпада.
31 І яны прыходзяць да цябе, як на народную сходню, і сядае перад абліччам тваім народ Мой, і слухаюць словы твае, але ня выконваюць іх; бо яны ў вуснах сваіх робяць з гэтага забаўку, сэрца іхняе цягнецца за карысьлівасьцю іхняю.
32 І вось, ты для іх — як забаўны сьпявак з прыемным голасам і добра граеш; яны слухаюць словы твае, але ня выконваюць іх.
33 Але калі збудзецца — вось, ужо і збываецца, — тады ўведаюць, што сярод іх быў прарок.

Зноскі:

4 У друкаванай версіі «цябе», аднак правільна — «сябе».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Езэкііля, 33 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.