Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Езэкііля 39 Езэкііля 39 раздзел

1 А ты, сыне чалавечы, прамові прароцтва на Гога і скажы: так кажа Гасподзь Бог: вось Я — на цябе, Гог, князь Роша, Мэшэха і Тувала!
2 І павярну цябе і павяду цябе, і выведу цябе ад краёў поўначы і прывяду цябе на горы Ізраілевыя.
3 І выб’ю лук твой зь левай рукі тваёй і выкіну стрэлы твае з правай рукі тваёй.
4 Упадзеш ты на горах Ізраілевых, і ты і ўсе палкі твае і народы, якія з табою; і аддам цябе, каб зьелі, розным драпежным птушкам і зьвярам польным.
5 На адкрытым полі ўпадзеш, бо Я сказаў гэта, кажа Гасподзь Бог.
6 І пашлю агонь на зямлю Магог і на жыхароў астравоў, якія жывуць у бясьпецы, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
7 І яўлю сьвятое імя Маё сярод народу Майго, Ізраіля, і ня дам наперад няславіць сьвятога імя Майго, — і ўведаюць народы, што Я — Гасподзь, Сьвяты ў Ізраілі.
8 Вось гэта і прыйдзе і збудзецца, кажа Гасподзь Бог, гэта той дзень, пра які Я сказаў.
9 Тады жыхары гарадоў Ізраілевых выйдуць і раскладуць агонь і будуць паліць зброю, шчыты і латы, лукі і стрэлы, і булавы і дзіды, сем гадоў будуць паліць іх.
10 І ня будуць насіць дроў з поля, ані сячы іх у лясах, а будуць паліць толькі зброю; і абрабуюць рабаўнікоў сваіх і абяруць абіральнікаў сваіх, кажа Гасподзь Бог.
11 І будзе ў той дзень: дам Гогу месца на магілу ў Ізраілі, даліну, па якой праходзяць на ўсход ад мора, і яна будзе затрымліваць праходняў; і пахаваюць там Гога і ўсё полчышча ягонае і называцьмуць яе далінаю полчышча Гогавага.
12 І дом Ізраілеў сем месяцаў будзе хаваць іх, каб ачысьціць зямлю.
13 І ўвесь народ зямлі будзе хаваць іх, і славуты будзе ў іх дзень, калі Я праслаўлю Сябе, кажа Гасподзь Бог.
14 І назначаць людзей, якія ўвесь час будуць абыходзіць зямлю і з дапамогаю прахожых хавацьмуць тых, што засталіся на паверхні зямлі — дзеля ачышчэньня яе: а як пройдзе сем месяцаў яны пачнуць рабіць пошукі,
15 і калі хто з тых, што абыходзяць зямлю, убачыць костку чалавечую, той паставіць каля яе знак, пакуль пахавальнікі не пахаваюць яе ў даліне полчышча Гогавага
16 І будзе імя гораду: Гамона*. І так ачысьцяць яны зямлю.
17 А ты, сыне чалавечы, — так кажа Гасподзь Бог, скажы розным птушкам і ўсім зьвярам польным: зьбірайцеся і йдзеце, з усіх бакоў сыходзьцеся да ахвяры Маёй, якую Я закалю вам, да вялікай ахвяры на горах Ізраілевых, — і есьцімеце мяса і піцьмеце кроў:
18 мяса мужоў дужых будзеце есьці і будзеце піць кроў князёў зямлі, бараноў, ягнят, казлоў і цялят, усіх выкармленых на Васане;
19 і будзеце есьці тлушч удосыць і піць кроў дап’яна з ахвяры Маёй, якую Я закалю вам.
20 І насыціцеся за сталом Маім конямі і коньнікамі, мужамі дужымі і ўсякімі людзьмі вайсковымі, кажа Гасподзь Бог.
21 І яўлю славу Маю паміж народамі, і ўсе народы ўбачаць суд Мой, які Я ўчыню, і руку Маю, якую Я накладу на іх.
22 І будзе ведаць дом Ізраілеў, што Я — Гасподзь Бог іхні, ад сёньня і далей.
23 І ўведаюць народы, што дом Ізраілеў быў пераселены за няпраўду сваю; за тое, што яны паводзіліся вераломна перада Мною, Я схаваў ад іх аблічча Маё і аддаў іх у рукі ворагам іхнім, — і ўсе яны загінулі ад меча.
24 За нячыстасьць іхнюю і за іх пахібнасьць Я зрабіў гэта зь імі і схаваў ад іх аблічча Маё.
25 Таму так кажа Гасподзь Бог: сёньня вярну палон Якаваў і памілую ўвесь дом Ізраілеў і падбаю паводле сьвятога імя Майго.
26 І адчуюць яны няславу сваю і ўсе пахібы свае, якія рабілі перада Мною, калі жыцьмуць на зямлі сваёй у бясьпецы і ніхто ня будзе запалохваць іх,
27 калі Я вярну іх з народаў і зьбяру іх зь земляў ворагаў іхніх і яўлю ў іх сьвятасьць Маю перад вачамі многіх народаў.
28 І ўведаюць, што Я — Гасподзь Бог іхні, калі, расьсеяўшы іх сярод народаў, зноў зьбяру іх у зямлю іхнюю і не пакіну ўжо там ніводнага зь іх.
29 І ня будуць ужо хаваць ад іх твару Майго, бо Я вылью дух Мой на дом Ізраілеў, кажа Гасподзь Бог.

Зноскі:

16 Полчышча.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Езэкііля, 39 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.