Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Езэкііля 30 Езэкііля 30 раздзел

1 І было мне слова Гасподняе:
2 сыне чалавечы! вымаві прароцтва і скажы: так кажа Гасподзь Бог: галасеце! о, ліхашчасны дзень!
3 Бо блізкі дзень, так! блізкі дзень Госпада, дзень змрочны; гадзіна народаў настае.
4 І пойдзе меч на Егіпет, і жудасьць пашырыцца па Эфіопіі, калі ў Егіпце будуць падаць пабітыя, калі возьмуць багацьце яго, і асновы яго будуць разбураны;
5 Эфіопія і Лівія і Лідыя і ўвесь зьмешаны народ і Хуб, і сыны зямлі запавету разам зь імі ўпадуць ад меча.
6 Так кажа Гасподзь: упадуць падпоры Егіпта, і ўпадзе пыха магутнасьці яго; ад Мігдола да Сіены будуць падаць у ім ад меча, сказаў Гасподзь Бог.
7 І апусьцее ён сярод спустошаных земляў, і гарады яго будуць сярод спустошаных гарадоў.
8 І ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі пашлю агонь на Егіпет, і ўсе падпоры яго будуць скрышаны.
9 У той дзень пойдуць ад мяне вястуны на караблях, каб запалохаць бястурботных Эфіопаў, і распаўсюдзіцца ў ім жах, як у дзень Егіпта; бо вось, ён ідзе.
10 Так кажа Гасподзь Бог: пакладу канец шматлюдству Егіпта рукою Навухаданосара, цара Вавілонскага.
11 Ён і зь ім народ ягоны, самы люты з народаў, будуць прыведзены на пагібель гэтай зямлі, і аголяць мечы свае на Егіпет, і напоўняць зямлю пабітымі.
12 І рэкі зраблю сушаю і аддам зямлю ў рукі ліхім, і рукою іншаземцаў спустошу зямлю і ўсё, што запаўняе яе. Я Гасподзь сказаў гэта.
13 Так кажа Гасподзь Бог: вынішчу ідалаў і зьнішчу ілжэбагоў у Мэмфісе, і зь зямлі Егіпецкай ня будзе ўжо валадара, і навяду страх на зямлю Егіпецкую.
14 І спустошу Патрос і пашлю агонь на Цаан, і ўчыню суд над Но.
15 І вылью лютасьць Маю на Сін, крэпасьць Егіпта, і зьнішчу шматлюдства ў Но.
16 І пашлю агонь на Егіпет; затрымціць Сін, і Но рухне, і на Мэмфіс нападуць ворагі сярод дня.
17 Маладыя людзі Она і Бубаста ўпадуць ад меча, а астатнія пойдуць у палон.
18 І ў Тафнісе памеркне дзень, калі Я скрышу там ярмо Егіпта, і спыніцца ў ім ганарыстая магутнасьць яго. Хмара заслоніць яго, і дочкі яго пойдуць у палон.
19 Так учыню я суд над Егіптам, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
20 У адзінаццатым годзе, у першы месяц, на сёмы дзень месяца, было мне слова Гасподняе:
21 сыне чалавечы! Я ўжо скрышыў мышцу фараону, цару Егіпецкаму; і вось, яна яшчэ не абвязана на гаеньне яе і не спавіта лекарскімі перавязкамі, ад якіх бы яна атрымала сілу трымаць меч.
22 Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я — на фараона, цара Егіпецкага, і скрышу мышцы яго, здаровую і паламаную, так што меч выпадзе з рукі ягонай.
23 І расьсею Егіпцянаў па народах, і разьвею іх па землях.
24 А мышцы цара Вавілонскага зраблю моцнымі, і дам яму меч Мой у руку, а мышцы фараона скрышу, і ён змушаны будзе моцна енчыць перад ім.
25 Умацую мышцы цара Вавілонскага, а мышцы ў фараона апусьцяцца; і ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі меч Мой дам у руку цару Вавілонскаму, і ён працягне яго на зямлю Егіпецкую.
26 І расьсею Егіпцянаў па народах, і разьвею іх па землях і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Езэкііля, 30 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.