Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Езэкііля 47 Езэкііля 47 раздзел

1 Потым прывёў ён мяне назад да дзьвярэй храма, і вось, з-пад парога храма цячэ вада на ўсход: бо храм стаяў на ўсход, і вада цякла з-пад правага боку храма, па паўднёвы бок ахвярніка.
2 І вывеў мяне паўночнаю брамаю, і вонкавай дарогай абвёў мяне да зьнешняе брамы, дарогаю, што на ўсход; і вось, вада цячэ па правы бок.
3 Калі той муж пайшоў на ўсход, дык у руцэ трымаў шнурок, і адмерыў тысячу локцяў, і павёў мяне па вадзе; вады было па костачкі.
4 І яшчэ адмерыў тысячу, і павёў мяне па вадзе; вады было па калені. І яшчэ адмерыў тысячу, і павёў мяне; вады было па паясьніцу.
5 І яшчэ адмерыў тысячу, і ўжо тут быў такі паток, празь які я ня мог ісьці, бо вада была так высока, што трэба было плысьці, а пераходзіць нельга было гэты паток.
6 І сказаў мне: бачыў, сыне чалавечы? і павёў мяне назад да берагу гэтага патоку.
7 І калі я прыйшоў назад, і вось, на берагах патока многа было дрэў па той і па другі бок.
8 І сказаў мне: гэтая вада цячэ ва ўсходні бок зямлі, сыдзе на раўніну і ўвойдзе ў мора: і воды яго зробяцца здаровымі.
9 І ўсякая жывая істота, якая поўзае там, дзе ўвойдуць два струмяні, будзе жывая; і рыбы будзе даволі многа, бо ўвойдзе туды гэтая вада, і воды ў моры зробяцца здаровымі, і куды ўвойдзе гэты паток, усё будзе жывое там.
10 І будуць стаяць каля яго рыбаловы ад Эн-Гадзі да Эглайма, будуць закідваць сеткі. Рыба будзе ў сваім выглядзе і, як у вялікім моры, рыбы будзе даволі многа.
11 Балоты яго і лужыны яго, якія ня зробяцца здаровымі, будуць пакінуты пад соль.
12 Каля патока па берагах яго з таго і другога боку будуць расьці ўсякія дрэвы, якія даюць ежу; лістота іх ня будзе вянуць, і плады на іх ня будуць прападаць; кожны месяц будуць сьпець новыя, бо вада ім цячэ са сьвяцілішча; плады іх будуць ужывацца ў ежу, а лісьце на лекаваньне.
13 Так кажа Гасподзь Бог: вось разьмеркаваньне, паводле якога вы павінны разьдзяліць зямлю ў спадчыну дванаццаці плямёнам Ізраілевым: Язэпу два надзелы.
14 І спадкуйце яе, як адзін, так і другі; бо Я, падняўшы руку Маю, прысягнуўся аддаць яе бацькам вашым, дык і будзе зямля гэтая спадчынай вашай.
15 І вось перадзел зямлі: на паўночным канцы, пачынаючы ад вялікага мора, праз Хэтлон, па дарозе ў Цэдал,
16 Эмат, Бэрот, Сіўраім, што паміж Дамаскаю і Эмацкаю абласьцямі Гацар — Тыхон, які на мяжы Аўрана.
17 І будзе мяжа ад мора да Гацар — Энон, мяжа з Дамаскам, і далей на поўначы вобласьць Эмат; і вось паўночны край.
18 Рысу ўсходняга краю вядзеце паміж Аўранам і Дамаскам, паміж Галаадам і зямлёю Ізраільскаю, па Ярдане, ад паўночнага краю да ўсходняга мора: гэта ўсходні край.
19 А паўднёвы край з паўднёвага боку ад Тамары да водаў пры Кадысе, і па цячэньні патоку да вялікага мора; гэта паўднёвы край на поўдні.
20 А заходні надзел — вялікае мора, ад паўднёвай мяжы да месца насупраць Эмата; гэта заходні край.
21 І падзялеце сабе зямлю гэтую на надзелы паводле каленаў Ізраілевых.
22 І падзялеце яе па жэрабі ў спадчыну сабе і іншаземцам, якія жывуць у вас, якія нарадзілі ў вас дзяцей; і яны сярод сыноў Ізраілевых павінны лічыцца нароўні з прыроднымі жыхарамі, і яны з вамі ўвойдуць у долю сярод плямёнаў Ізраілевых.
23 У якім племі жыве іншаземец, у тым і дайце яму спадчыну ягоную, кажа Гасподзь Бог.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Езэкііля, 47 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.