Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Езэкііля 12 Езэкііля 12 раздзел

1 І было мне слова Гасподняе:
2 сыне чалавечы! ты жывеш сярод дому мяцежнага; у іх ёсьць вочы, каб бачыць, а ня бачаць; у іх ёсьць вушы, каб слухаць, а ня чуюць; бо яны — мяцежны дом.
3 А ты, сыне чалавечы, падрыхтуй сабе патрэбнае для перасяленьня, і сярод дня перасяляйся на вачах у іх, і перасяляйся зь месца твайго ў іншае месца на вачах у іх; магчыма, яны ўразумеюць, хоць яны — дом мяцежны;
4 і рэчы твае вынесі, як рэчы, патрэбныя пры перасяленьні, удзень, на вачах у іх, і сам выйдзі ўвечары на вачах у іх, як выходзяць для перасяленьня.
5 На вачах у іх праламі сабе дзіру ў сьцяне, і вынесі празь яе.
6 На вачах у іх вазьмі ношку на плечы, упоцемках вынесі яе, твар твой захіні, каб ня бачыць зямлі; бо Я паставіў цябе азнакаю дому Ізраілеваму.
7 І зрабіў я, як было мне загадана; рэчы мае, як рэчы, патрэбныя пры перасяленьні, вынес удзень, а ўвечары праламаў сабе рукою дзірку ў сьцяне, упоцемках вынес ношку і падняў на плечы на вачах у іх.
8 І было мне слова Гасподняе раніцай:
9 сыне чалавечы! ці не казаў табе дом Ізраілеў, дом мяцежны: што ты робіш?
10 Скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: гэта — прадвесьце таму, хто ўзначальвае ў Ерусаліме, і ўсяму дому Ізраілеваму, які там.
11 Скажы: я азнака вам; што раблю я, тое будзе зь імі, — на перасяленьне, у палон пойдуць яны.
12 І той, хто ўзначальвае, які сярод іх, упоцемках падыме ношку на плечы і выйдзе. Сьцяну праломяць, каб выправіць яго празь яе; ён захіне твар свой, так што ня ўбачыць вачыма зямлі гэтай.
13 І раскіну на яго сетку Маю, і будзе злоўлены ў цянёты Мае, і завяду яго ў Вавілон, у зямлю Халдэйскую, але ён ня ўбачыць яе, і там памрэ.
14 А ўсіх, што вакол яго, спаборнікаў ягоных і ўсё войска ягонае разьвею па ўсіх вятрах, і агалю ўсьлед ім меч.
15 І ўведаюць, што Я — Гасподзь, калі расьсею іх па народах і разьвею іх па землях.
16 Але невялікую лічбу іх Я захаваю ад меча, голаду і пошасьці, каб яны расказалі народам, да якіх пойдуць, пра ўсе свае гідоты: і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
17 І было мне слова Гасподняе:
18 сыне чалавечы! хлеб твой еж з трапятаньнем, і ваду тваю пі з дрыжаньнем і смуткам.
19 І скажы народу зямлі: так кажа Гасподзь Бог пра жыхароў Ерусаліма, пра зямлю Ізраілевую: яны хлеб свой будуць есьці і ваду сваю будуць піць у маркоце, бо зямля яго будзе пазбаўлена шчадротаў за няпраўды ўсіх, хто жыве на ёй.
20 І будуць спустошаны населеныя гарады, і зямля зробіцца пустою, і ўведаеце, што Я — Гасподзь.
21 І было мне слова Гасподняе:
22 сыне чалавечы! якая прымаўка ў вас, у зямлі Ізраілевай: «шмат дзён пройдзе, і ўсякая прарочая ўява зьнікне»?
23 Таму скажы ім; так кажа Гасподзь Бог: зьнішчу гэтую прымаўку, і ня будуць ужо ўжываць такой прымаўкі ў Ізраіля; але скажы ім: блізкія дні, калі збудзецца кожная ўява прарочая.
24 Бо ўжо не застанецца марнай ніякая ўява прарочая, і ніводнае прадвесьце ня будзе ілжывым у доме Ізраілевым.
25 Бо Я Гасподзь кажу, збудзецца і ня будзе адкладзена; у вашыя дні, мяцежны дом, Я прамовіў слова, і выканаю яго, кажа Гасподзь Бог.
26 І было мне слова Гасподняе:
27 сыне чалавечы! вось, дом Ізраілеў кажа: «прарочая ўява, якую бачыў ён, збудзецца пасьля многіх дзён, і ён прарочыць пра далёкія часіны».
28 Таму скажы ім: так кажа Гасподзь Бог: ніводнае з слоў Маіх ужо ня будзе адкладзена, але слова, якое Я скажу, збудзецца, кажа Гасподзь Бог.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Езэкііля, 12 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.