Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Езэкііля 29 Езэкііля 29 раздзел

1 У дзясятым годзе, у дзясятым месяцы, на дваццаты дзень месяца, было мне слова Гасподняе:
2 сыне чалавечы! павярні аблічча тваё да фараона, цара Егіпецкага, і вымаві прароцтва на яго і на ўвесь Егіпет.
3 Маўляй і скажы: «так кажа Гасподзь Бог: вось, Я на цябе, фараоне, цару Егіпецкі, вялікі кракадзіл, які, лежачы сярод сваіх рэк, кажаш: «мая рака, і я стварыў яе сабе».
4 Але Я ўкладу крук у сківіцы твае і да лускі тваёй прыляплю рыб з тваіх рэк, і выцягну цябе з тваіх рэк з усёю рыбаю рэк тваіх, прыляплю да тваёй лускі;
5 і кіну цябе ў пустыні, цябе і ўсю рыбу з тваіх рэк, ты ўпадзеш на адкрытае поле, не прыбяруць і ня прымуць цябе; аддам цябе на поед зьвярам зямным і птушкам нябесным.
6 І ўведаюць усе насельнікі Егіпта, што Я — Гасподзь; бо яны дому Ізраілеваму былі падпораю трысьняговаю.
7 Калі яны ўхапіліся за цябе рукою, ты расшчапіўся і ўсё плячо пакалоў ім; і калі яны абаперліся на цябе, ты зламаўся і параніў усе сьцёгны ім.
8 Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я навяду на цябе меч, і вынішчу ў цябе людзей і быдла.
9 І зробіцца зямля Егіпецкая пустыняю і стэпам; і ўведаюць, што Я — Гасподзь. Бо ён кажа: мая рака, і я стварыў яе;
10 дык вось, Я — на рэкі твае, і зраблю зямлю Егіпецкую пустыняю пустыняў ад Мігдола да Сіены, да самай мяжы Эфіопіі.
11 Ня будзе ступаць па ёй нага чалавечая, і нага быдла ня будзе праходзіць па ёй, і ня жыцьмуць на ёй сорак гадоў.
12 І зраблю зямлю Егіпецкую пустыняю сярод земляў спустошаных; і гарады яе сярод апусьцелых гарадоў будуць пустыя сорак гадоў, і расьсею Егіпцянаў па народах, і разьвею іх па землях.
13 Бо так кажа Гасподзь Бог: як пройдзе сорак гадоў, Я зьбяру Егіпцянаў з народаў, сярод якіх яны будуць расьсеяны;
14 і вярну палон Егіпта і назад прывяду іх у зямлю Патрос, у зямлю паходжаньня іхняга, і там яны будуць царствам слабым.
15 Яно будзе слабейшае за іншыя царствы і ня будзе болей узносіцца над народамі: Я паменшу іх, каб яны не валадарылі над народамі.
16 І ня будуць болей дому Ізраілеваму апораю, што нагадвае пра пахібнасьць іхнюю, калі яны зьвярталіся да яго: і ўведаюць, што я — Гасподзь Бог.
17 У дваццаць сёмым годзе, у першым месяцы, у першы дзень месяца, было мне слова Гасподняе:
18 сыне чалавечы! Навухаданосар, цар Вавілонскі, стаміў сваё войска вялікаю працаю каля Тыра; усе галовы аблыселі і ўсе плечы сьцёртыя; а ні яму, а ні войску ягонаму няма ўзнагароды ад Тыра за працу, якую ён паклаў супроць яго.
19 Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, Я Навухаданосару, цару Вавілонскаму, даю зямлю Егіпецкую, каб ён абабраў багацьце яе і ўчыніў рабунак у ёй, і адабраў нарабаванае ёю, і гэта будзе ўзнагарода войску ягонаму.
20 Як узнагароду за дзею, якую ён учыніў у ім, Я аддаю яму зямлю Егіпецкую, бо яны рабілі гэта дзеля Мяне, сказаў Гасподзь Бог.
21 У той дзень узгадую рог дому Ізраілеваму, і табе разамкну вусны сярод іх, і ўведаюць, што Я — Гасподзь.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Езэкііля, 29 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.