Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Езэкііля 3 Езэкііля 3 раздзел

1 І сказаў мне: «сыне чалавечы! зьеж, што перад табою, зьеж гэты сувой, і ідзі, гавары дому Ізраілеваму».
2 Тады я разамкнуў вусны свае, і Ён даў мне зьесьці гэты сувой;
3 і сказаў мне: «сыне чалавечы! накармі чэрава тваё і напоўні нутробу тваю гэтым сувоем, які Я даю табе»; і я зьеў, і было ў роце маім соладка, як мёд.
4 І Ён сказаў мне: «сыне чалавечы! устань і ідзі да дому Ізраілевага і кажы ім Маімі словамі;
5 бо не да народу са словамі неразборлівымі і зь незразумелаю моваю ты пасылаешся, а да дому Ізраілевага,
6 не да народаў многіх зь неразборлівым словам і зь незразумелаю моваю, слоў якое ты не разумеў бы; ды калі б Я паслаў цябе і да іх, дык яны паслухаліся б цябе;
7 а дом Ізраілеў не захоча слухаць цябе, бо яны ня хочуць слухаць Мяне, бо ўвесь дом Ізраілеў цьвердалобы і жорсткі сэрцам.
8 Вось, Я зрабіў і твой твар моцным супроць іхніх твараў і твой лоб моцным супроць іхняга лоба.
9 Як алмаз, які мацнейшы за камень, зрабіў я лоб твой; ня бойся іх і не палохайся перад абліччам іх, бо яны мяцежны дом».
10 І сказаў мне: «сыне чалавечы! усе словы Мае, якія буду казаць табе, прымі сэрцам тваім і выслухай вушамі тваімі;
11 устань і ідзі да пераселеных, да сыноў народу твайго, і гавары да іх, і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог! будуць яны слухаць, альбо ня будуць».
12 І падняў мяне Дух; і я чуў за сабою вялікі грамовы голас: «дабраславёная слава Госпада ад месца свайго!»
13 і таксама шум крылаў жывёлаў, прылеглых адно да аднаго, і стук колаў каля іх і гук моцнага грому.
14 І Дух падняў мяне і ўзяў мяне. І ішоў я ў засмучэньні, з растрывожаным духам; і рука Гасподняя была моцная на мне.
15 І прыйшоў я да пераселеных у Тэль-Авіў, якія жывуць каля ракі Хавар, і спыніўся там, дзе яны жылі, і правёў сярод іх сем дзён у зьдзіўленьні.
16 А як прайшлі сем дзён, было мне слова Гасподняе:
17 «сыне чалавечы! Я паставіў цябе вартаўніком дому Ізраілевага, і ты будзеш слухаць слова з вуснаў Маіх і будзеш наводзіць іх на розум да Мяне.
18 Калі Я скажу беззаконцу: «сьмерцю памрэш!», а ты ня будзеш яго наводзіць на розум і казаць, каб асьцерагчы беззаконца ад беззаконнага шляху ягонага, каб ён быў жывы, дык беззаконец той памрэ ў беззаконьні сваім, і Я спаганю кроў ягоную з рук тваіх.
19 Але калі ты наводзіў на розум беззаконца, а ён не адвярнуўся ад беззаконьня свайго і ад беззаконнага шляху свайго, дык ён памрэ ў беззаконьні сваім, а ты ўратаваў душу тваю.
20 І калі праведнік адступіцца ад справядлівасьці сваёй і ўчыніць крыўду, калі Я пакладу перад ім спатыкненьне, і ён памрэ, дык калі ты не наводзіў яго на розум, ён памрэ за грэх свой, і не згадаюцца яму справядлівыя ўчынкі ягоныя, якія рабіў ён; і Я зышчу кроў яго з рук тваіх.
21 Калі ж ты будзеш настаўляць на розум праведніка, каб праведнік не зграшыў, і ён ня згрэшыць; дык і ён жывы будзе, бо быў наведзены на розум, і ты ўратаваў душу тваю».
22 І была там на мне рука Госпада, і Ён сказаў мне: устань і выйдзі ў поле, і Я буду гаварыць там з табою.
23 І ўстаў я і выйшаў у поле; і вось, там стаяла слава Гасподняя, як слава, якую бачыў я над ракою Хавар; і ўпаў я на аблічча сваё.
24 І ўвайшоў у мяне Дух, і паставіў мяне на ногі мае, і Ён гаварыў са мною і сказаў мне: ідзі, і замкніся ў доме тваім.
25 І ты, сыне чалавечы, — вось, ускладуць на цябе аковы, і зьвяжуць цябе імі, і ня будзеш хадзіць сярод іх.
26 І язык твой Я прыляплю да гартані тваёй, і ты анямееш і ня будзеш выкрывальнікам іх, бо яны мяцежны дом.
27 А калі Я буду гаварыць з табою, тады разамкну вусны твае, і ты будзеш казаць ім: «так кажа Гасподзь Бог!» хто хоча слухаць, — слухай; а хто ня хоча слухаць, — ня слухай: бо яны мяцежны дом.

Зноскі:

19 У друкаванай версіі «не наводзіў на розум», аднак правільна — «наводзіў на розум».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга прарока Езэкііля, 3 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.