1 Дык калі Хрыстус цярпеў за нас Целам (на Целе), дык і вы ўзбройцеся тою самою думкаю, што хто цярпеў целам, перастаў грашыць,
2 каб астатак жыцьця (часу) у целе пражыць не для страсьцяў людзкіх, але для волі Божай.
3 Даволі, што ўжо ў мінулы час (ранейшы час) жылі вы (спаганялі вы) па звычаю (волі) паганаў: у разбэшчанасьці, страсьцях, у злоўжаваньні віна, абжарстве, п'янстве і агідным ідалахвальстве.
4 Дзеля таго яны дзівяцца, што вы ня топіцеся разам з імі ў тым самым віры распусты ды таму блага аб вас гавораць (блявузгаюць).
5 Яны здадуць справаздачу Таму, Хто гатоў (мае прыйсьці) судзіць жывых і памёршых.
6 Таму была вяшчана Эвангелія нават і памёршым, каб яны, хоць асуджаны на целе як людзі, жылі б духам па волі Божай.
7 Усім ужо блізкі канец. Дык будзьце растаропнымі і трэзвымі, каб маглі маліцца.
8 Асабліва мейце пастаянную любоў між сабой, бо любоў закрывае (касьце) многа грахоў.
9 Будзьце адны другім без нараканьня гасьціннымі.
10 Будзьце ўслужлівымі адны другім, тым дарам, які хто атрымаў, як добрыя гаспадары (раздаўцы) шматлікай ласкі Божай.
11 Калі хто прамаўляе (мае дар мовы) — хай гэта будуць словы Божыя. Калі хто паслугуе — хай паслугуе моцай дадзенай яму Богам, так, каб ва ўсім быў праслаўлены Бог праз Езуса Хрыста. Яму хвала і моц у вякі вечныя.
12 Дарагія! Не дзівецеся, што паліць вас агонь, на выпрабаваньне ён вашае, як бы што нечаканае напаткала,
13 але на сколькі вы ўдзельнічаеце ў цярпеньнях Хрыстовых, цешцеся, каб у аб'яве Ягонай Хвалы — цешыліся вы з радасьцю.
14 Калі зьневажаюць вас у імя Хрыста — вы шчасьлівыя, бо Дух хвалы і Божы на вас супачывае.
15 Хай ніхто з вас не цярпіць як забойца, або злодзей, або ліхотнік, або сквапнік на чужое.
16 Калі ж цярпіць як хрысьціянін, хай не саромецца, але хай хваліць Бога ў гэтым імю.
17 Такі бо час, каб суд распачаўся ад Божага дому. Калі найперш ад нас, дык які канец будзе тых, што ня слухаюць Божай Эвангеліі?
18 А калі справядлівы заледзь будзе збаўлены, дык дзе ж апынецца бязбогі і грэшнік?
19 Дык тыя, што цярпяць згодна з воляй Божай, паручаюць свае душы вернаму Тварцу, бо добра жылі.