1 Пасьля гэтага ўбачыў я: і вось дзьверы адчыненыя ў небе, і голас першы, які я пачуў, быў як быццам голасам трубы, размаўляючай са мною і кажучай: "Увайдзі сюды, і Я пакажу табе тое, што павінна стацца пасьля".
2 І адразу быў я ў захапленьні духам: і вось трон стаяў у небе, а на троне Нехта сядзеў.
3 І Той, хто сядзеў, падобны быў з выгляду да каменя з ясьпіса і сардына, і вясёлка вакол трону была падобная з выгляду на шмарагд.
4 І вакол трона — дваццаць чатыры троны, і на тронах сядзелі дваццаць чатыры старыя, адзетыя ў белыя вопраткі, і на галавах іхніх — залатыя кароны.
5 І ад трону выходзілі маланкі, і галасы, і грымоты; і сем сьветачаў палаючых гараць перад тронам, якія ёсьць сем духаў Божых.
6 І перад тронам зьзяла нібы шклянае мора, падобнае на крышталь. І на сярэдзіне трону і навокал трону — чатыры жывёлы, поўныя вачэй спераду і ззаду.
7 І першая жывёла падобная да льва, і другая жывёла падобная да быка, і трэцяя жывёла мела твар быццам чалавечы, і чацьвёртая жывёла мела падабенства да арла лятаючага.
8 І чатыры жывёлы мелі па шэсьць крылаў і навакол, і ўсярэдзіне мелі поўна вачэй; і бесперапынна днём і ноччу яны ўскліквалі: "Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Госпад Бог Усемагутны, які быў, і які ёсьць, і які прыходзіць".
9 І калі аддавалі тыя жывёліны чэсьць, і хвалу, і падзяку Седзячаму на троне, Жывучаму на вякі вечныя,
10 падалі перад Седзячым на троне дваццаць чатыры старыя, і кланяліся Жывучаму на вякі вечныя, і клалі кароны свае перад тронам, кажучы:
11 "Дастойны Госпад Бог наш прыймаць хвалу, і чэсьць, і моц, бо Ты стварыў усё, і ўсё з волі Тавёй існавала і было створана".