1 І калі Ягня зьняло сёмую пячаць, настала ў небе маўчаньне каля паўгадзіны.
2 І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і дадзена было ім сем трубаў.
3 І прыйшоў іншы анёл і стаў перад аўтаром, трымаючы залатую кадзільніцу, і дадзены былі яму кадзілы, каб з малітвамі ўсіх сьвятых палажыў іх на залатым аўтары, які знаходзіўся перад (Божым) тронам.
4 І падняўся дым пахкіх кадзілаў разам з малітвамі сьвятых з рукі анёла да Бога.
5 І узяў анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з аўтара, і кінуў на зямлю; і сталіся грымоты і галасы, і былі маланкі і страшныя землятрусы.
6 І сем анёлаў з сямю трубамі нарыхтаваліся, каб трубіць.
7 І першы (анёл) затрубіў. І стаўся град і агонь, зьмяшаны з кроўю, і ўпалі на зямлю. І трэцяя частка зямлі згарэла, і трэцяя частка дрэваў спалымнела, і ўся трава згарэла.
8 І другі анёл затрубіў. І тады быццам велічэзная гара, агнём палымнеючая, кінута была ў мора. І трэцяя частка мора сталася кроўю,
9 і трэцяя частка марскіх істот прапала, і трэцяя частка караблёў загінула.
10 І затрубіў трэці анёл. І зьляцела з неба велічэзная зорка, палымнеючая, як паходня, і ўпала яна на трэцюю частку рэк і крыніц водных.
11 І назва той зоркі чытаецца Палын. І трэцяя частка водаў сталася горкай, як палын, і многа людзей паўмірала ад той вады, бо вельмі была горкая.
12 І чацьвёрты анёл затрубіў. І тады была пашкоджана трэцяя частка сонца, і трэцяя частка месяца, і трэцяя частка зорак, так што пацямнела іх трэцяя частка, а дзень роўна з ночай страцілі трэцюю частку сваёй яснасьці.
13 Потым глянуў я і пачуў голас аднаго анёла, які ляцеў па сярэдзіне неба, голасна ускрыкваючы: "Гора, гора, гора жыхарам зямлі ад трубных галасоў трох анёлаў, якія павінны неўзабаве трубіць".