1 Пасьля гэтага бачыў я чатырох анёлаў, стаячых на чатырох вуглах зямлі, трымаючы чатыры ветры зямлі, каб вецер ня дзьмуў на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.
2 І угледзеў я іншага анёла, які падымаўся з усходу і нёс пячатку Бога жывога і гаманіў гучным голасам чатыром анёлам, каторым даручана было чыніць шкоду зямлі і мору,
3 кажучы: "Ня шкодзьце зямлі і мору, ані дрэвам, пакуль ня выцісьнем пячаткі слугам Бога нашага на чолах іхніх".
4 І пачуў я лік тых, якія атрымалі пячатку: сто сорак чатыры тысячы пазначаных пячаткаю з усіх пакаленьняў сыноў Ізраэля:
5 з пакаленьня Юды дванаццаць тысяч пазначаных, з пакаленьня Рубэна дванаццаць тысяч, з пакаленьня Гада дванаццаць тысяч,
6 з пакаленьня Асэра дванаццаць тысяч, з пакаленьня Нэфталі дванаццаць тысяч, з пакаленьня Манасэса дванаццаць тысяч,
7 з пакаленьня Сымона дванаццаць тысяч, з пакаленьня Левія дванаццаць тысяч, з пакаленьня Ісахара дванаццаць тысяч,
8 з пакаленьня Забулёна дванаццаць тысяч, з пакаленьня Язэпа дванаццаць тысяч, з пакаленьня Бэньяміна дванаццаць тысяч.
9 Пасьля ўбачыў я вялікі натоўп, якога пералічыць ніхто ня змог, з усіх плямёнаў і пакаленьняў, народаў і моваў. І стаялі яны перад тронам і перад Ягнём, адзетыя ў белыя вопраткі, і пальмы трымалі ў руках сваіх.
10 І гаманілі яны моцным голасам, кажучы: "Збаўленьне ад Бога нашага, які сядзіць на троне, і ад Ягняці!"
11 І ўсе анёлы стаялі вакол трону, і старых, і чатырох жывёлаў, і ўпалі перад тронам на твар свой і аддалі пашану Богу,
12 кажучы: "Амэн! Багаслаўленьне, і слава, і мудрасьць, і падзяка, і чэсьць, і моц, і сіла Богу нашаму на вякі вечныя. Амэн".
13 І адзін са старых запытаўся ў мяне: "Хто гэтыя, апранутыя ў бель, і скуль яны прыйшлі?"
14 А я сказаў Яму: "Гаспадару мой, ты гэта ведаеш". І ён сказаў мне: "Гэта тыя, якія выйшлі з вялікага гора, і абмылі свае вопраткі, і выбелілі іх у крыві Ягняці.
15 Таму стаяць перад тронам Божым і служаць Яму днём і ноччу ў сьвятыні Ягонай, і Той, што сядзіць на троне, будзе жыць ў іх.
16 Ні смагі, ні голаду больш ня будуць цярпець, не будзе пячы іх болей сонца і ніякая сьпякота,
17 бо Ягня, які знаходзіцца пасярод трону, пасьвіць іх будзе і вадзіць да крыніцы вады жыцьця, і абатрэ Бог кожную сьлязу з вачэй іх".