1 І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля зьніклі, і мора ўжо няма.
2 І ўбачыў я сьвяты горад, новы Ерузалім, зыходзячы з неба ад Бога, прыгатаваны, быццам нявеста на сустрэчу свайго мужа.
3 І пачуў я голас магутны, кажучы: "Вось палатка Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі, і яны будуць народам Яму, і сам Бог з імі будзе іх Богам,
4 і абатрэ Бог кожную сьлязу з вачэй іх, і сьмерці ўжо ня будзе, ані плачу, ані галошаньня, ані болю больш ня будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула".
5 І сказаў Той, які сядзеў на троне: "Вось Я раблю ўсё новае". І дадаў: "Напішы, бо словы гэтыя верныя і праўдзівыя".
6 І сказаў мне: "Сталася! Я — Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Прагнучаму дам Я піць дарма з крыніцы вады жыцьця.
7 Хто пераможа, атрымае гэта як спадчыну, і буду яму Богам, а ён будзе Мне сынам.
8 Удзелам жа палахлівых, няверных, нягоднікаў, забойцаў, распусьнікаў, чараўнікоў, ідалахвальцаў і ўсіх хлусьлівых будзе палымнеючае возера агню і серкі, што ёсьць другая сьмерць".
9 І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, маючых сем чашаў, поўных сямю плягамі апошнімі, і загаварыў са мною, кажучы: "Хадзі, пакажу табе нявесту Ягняці".
10 І падняў ён мяне ў духу на гару вялікую і высокую, і паказаў мне сьвяты горад Ерузалім, зыходзячы з неба ад Бога
11 і маючы хвалу Божую. Бляск яго быў падобны на бляск каштоўных каменьняў, быццам ясьпіса ці крышталю.
12 І меў ён вялікі і высокі мур з дванаццацю брамамі, на брамах стаяла дванаццаць анёлаў ды выпісаны былі імёны, якія ёсьць (імёнамі) дванаццаці пакаленьняў сыноў Ізраэля.
13 Ад усходу тры брамы, і ад поўначы тры брамы, і ад поўдня тры брамы, і ад захаду таксама тры брамы.
14 І мур горада меў дванаццаць падмуркаў, і на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці апосталаў Ягняці.
15 І той, што размаўляў са мною, меў мерку, залатую трысьціну, каб зьмераць горад, брамы ягоныя і мур.
16 І горад ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня яго роўная шырыні. І абмераў ён горад залатой трысьцінай на дванаццаць тысяч стадыяў; і даўжыня яго, вышыня і шырыня — аднолькавыя.
17 І зьмераў мур яго на сто сорак чатыры локці меры чалавечае, такая ж і анельская.
18 І мур яго быў збудаваны з ясьпісу, а сам горад быў з чыстага золата, падобнага да шкла чыстага.
19 Падмуркі муру горада ўпрыгожаны былі дарагім каменьнем. Падмурак першы — яспісам, другі — сапфірам, трэці — хадьцэдонам, чацьвёрты — шмарагдам,
20 пяты — сардоніксам, шосты — сардынам, сёмы — хрызалітам, восьмы — бэрылем, дзевяты — тапазам, дзесяты — хрызапразам, адзінаццаты — гіяцынтам, дванаццаты — аметыстам.
21 І дванаццаць брамаў — дванаццаць пэрлаў; кожная брама была з адной пэрлы. І вуліцы горада з чыстага золата, нібы з празрыстага шкла.
22 І сьвятыні я ў ім ня ўбачыў, бо Госпад, Бог Усемагутны, быў яго сьвятыняй, і Ягня.
23 І горад не патрабуе ўжо ані сонца, ані месяца, каб асьвятлялі яго, яснасьць бо Божая асьвятляе яго, і Ягня ёсьць сьвятлом ягоным.
24 І будуць хадзіць народы ў сьвятле ягоным, і каралі зямныя прынясуць у яго хвалу сваю хвалу.
25 І брамы яго не зачыняюцца ўдзень, а ночы няма ўжо там.
26 І ўнясуць у яго хвалу і багацьце народаў.
27 І нішто нячыстае ня ўвойдзе ў яго, і ніводзін ліхадзей ані махляр, а толькі тыя, што запісаны ў кнізе жыцьця Ягняці.