1 Трубіце трубой на Сіёне, галасіце на святой гары Маёй. Хай дрыжаць усе жыхары зямлі, бо надыходзіць дзень Госпадаў, бо ён ужо блізка.
2 Дзень цемры і змроку, дзень хмарны і мглісты. Як зараніца ранняя над узгоркамі, народ шматлікі і моцны: падобнага да яго не было ад пачатку, і па ім болей не будзе аж да будучых пакаленняў.
3 Перад ім агонь пажырае, а за ім палае полымя. Як сад Эдэнскі зямля перад ім, а за ім — стэп пусты; і нічому не будзе ратунку ад яго.
4 Выгляд яго падобны да выгляду коней, і імчаць яны, як коннікі.
5 Узлятаюць яны над вяршынямі гор, быццам гоман калясніц, быццам гоман полымя агню, які паліць іржышча, як народ магутны, падрыхтаваны да бою.
6 Перад абліччам яго задрыжаць народы, ва ўсіх твары збялеюць.
7 Як барацьбіты, бягуць яны і, як ваяры, лезуць на мур; кожны ідзе сваёй дарогаю, і не збочваюць са сваіх сцежак.
8 Адзін аднаму не замінае, кожны ідзе сваім шляхам; яны прарываюцца праз стрэлы, і гэта ім не шкодзіць.
9 Урываюцца ў горад, падымаюцца на мур, узыходзяць на дамы, улазяць праз вокны, як злодзеі.
10 Перад абліччам яго трасецца зямля, дрыжаць нябёсы, цямнеюць сонца і месяц і зоркі губляюць свой бляск.
11 І Госпад падае Свой голас перад абліччам войска Свайго, бо надзвычай вялікі лагер Яго, бо ён магутны ў выкананні волі Яго; бо вялікі ёсць дзень Госпадаў і вельмі страшны. Хто вытрымае яго?!
12 «Дык цяпер, — кажа Госпад, — павярніцеся да Мяне ўсім сэрцам вашым праз пост, і плач, і бедаванне.
13 І раздзірайце сэрцы вашы, а не вопратку вашу, і павярніцеся да Госпада, Бога вашага, бо Ён ласкавы і міласэрны, цярплівы і шматлітасцівы, і спагадны ў нядолі».
14 Хто ведае, ці не адумаецца Ён, і ці не даруе, і ці не пакіне па Сабе дабраславенне — ахвяры хлебныя і вадкія Госпаду, Богу вашаму?
15 Трубіце ў трубу на Сіёне, прызначце пост, склічце сход.
16 Збярыце народ, абвясціце святы сход, запрасіце старых, збярыце дзяцей і немаўлят; хай выйдзе жаніх са святліцы сваёй і нявеста з пакоя свайго.
17 Паміж прысенкамі і ахвярнікам хай плачуць святары, паслугачы Госпадавы, ды хай кажуць: «Пашкадуй, Госпадзе, народ Свой, і не давай спадчыны Сваёй на здзекі, каб не панавалі над імі пагане. Нашто ж, каб казалі між народамі: “Дзе ж Бог іх?”»
18 І ўзгарэўся Госпад рупліва любоўю апекі да зямлі Сваёй, і пашкадаваў Ён народ Свой.
19 І адказаў Госпад, і сказаў народу Свайму: «Вось, Я пашлю вам збожжа, і віно, і алей, і будзеце вы насычаны імі; і не аддам вас больш на здзек паганам,
20 і таго, што з поўначы, Я аддалю ад вас далёка, і выганю яго ў зямлю сухую і спустошаную, пярэднюю дружыну яго — да ўсходняга мора, а заднюю — да мора заходняга». І падымецца ад іх смурод, і застанецца гнілізна па іх, бо ўчыніў Ён вялікае.
21 Не бойся, зямля! Радуйся і весяліся, бо вялікае ўчыніў Госпад.
22 Не бойцеся, звяры палявыя, бо зазелянелі пашы ў пустыні, бо дрэва прынесла плады свае, дрэва фігавае і вінаград далі плён свой.
23 І вы, сыны Сіёна, радуйцеся і цешцеся ў Госпадзе, Богу вашым, бо Ён даў вам паводле справядлівасці дождж і ўчыніў, каб праліўся на вас дождж ранні і дождж позні, як і раней.
24 І такі вашы будуць запоўнены збожжам, а тоўчні перапоўняцца вінаградным сокам і алеем.
25 «І Я ўзнагароджу вас за тыя гады, у якія нішчыла вас саранча, вусені, чэрві і жукі — вялікае войска Маё, якое Я паслаў на вас.
26 І тады будзеце есці, спажываючы, і наясцеся, і будзеце хваліць імя Госпада, Бога вашага, Які ўчыніў з вамі дзіўныя рэчы, і народ Мой не будзе асаромлены.
27 І будзеце ведаць вы, што Я ёсць сярод Ізраэля, і што Я — Госпад, Бог ваш, і няма іншага; і народ Мой не будзе больш асаромлены на векі.
28 А пасля гэтага будзе: вылью Я Духа Майго на кожнае цела, і будуць праракаваць сыны вашы і дочкі вашы, і старыя вашы будуць бачыць сны, і юнакі вашы будуць бачыць з’явы.
29 Ды нават на слуг Маіх і на служанак вылью ў тыя дні ад Духа Майго.
30 І дам цуды на небе ды знакі на зямлі: кроў, і агонь, і слупы дыму.
31 Сонца зменіцца ў цемру, і месяц — у кроў, перш чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і страшны.
32 І будзе: кожны, хто прызаве імя Госпада, будзе збаўлены, бо на гары Сіён і ў Ерузаліме будзе збаўленне, як сказаў Госпад, і сярод ухаваных — тыя, якіх Госпад паклікаў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Ёэля, 2 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.