1 Слухайце слова гэтае, якое я ўздымаю над вамі, плач, о доме Ізраэля;
2 упала і не мае сілы падняцца дзяўчына Ізраэля; кінута на зямлю сваю, няма, хто б яе падняў.
3 Бо гэта кажа Госпад Бог: “Горад, з якога выходзіла тысяча, застанецца ў ім сто; ды з якога выходзіла сто, застанецца ў ім дзесяць перад домам Ізраэля”.
4 Бо вось што кажа Госпад дому Ізраэля: “Шукайце Мяне, і будзеце жыць;
5 ды не шукайце Бэтэль, і не ўваходзьце ў Галгал, і не наведвайце Бээр-Сэбы, бо Галгал пойдзе ў няволю, а Бэтэль будзе нічым”.
6 Шукайце Госпада і будзеце жыць; каб Ён часам не абрушыўся на дом Язэпа, як агонь, і не паглынуў яго, і не будзе каму яго загасіць у Бэтэлі.
7 О вы, якія закон пераварочваеце ў палын, а справядлівасць топчаце па зямлі
8 Гэта, вось, Той, Хто стварыў зоркі Пляяды і Арыёна, Хто перамяняе цемру ў раніцу, а дзень ноччу зацямняе, Хто прызывае воды мора і разлівае іх па паверхні зямлі; Госпад — імя Яго.
9 Ён робіць так, што знішчэнне пануе над волатам, ды наводзіць Ён знішчэнне на крэпасць.
10 А яны ненавідзяць таго, хто судзіць у браме, не церпяць таго, хто кажа праўду.
11 Такім чынам, за тое, што тапталі беднага і частку збожжа бралі вы ад яго, дык вы будуеце сабе дамы з цясанага каменя, але не будзеце ў іх жыць; закладаеце вінаграднікі найлепшыя, але віна з іх не будзеце піць.
12 Бо пазнаў я многія вашы збродні і многія вашы грахі, о вы, крыўдзіцелі справядлівага, хабарнікі і прыгнятальнікі бедных у браме!
13 Вось чаму ў гэты час мудры маўчыць, бо гэта — час нядолі.
14 Шукайце дабра, а не ліхоты, каб жылі так, каб быў з вамі Госпад, Бог Магуццяў, так, як вы казалі.
15 Ненавідзьце ліхоту, а любіце дабро, ды ўсталюйце ў браме справядлівасць! Можа злітавацца Госпад, Бог Магуццяў, над астаткам Язэпа.
16 Дзеля таго кажа Госпад, Бог Магуццяў, Валадар: “На ўсіх плошчах плач, на ўсіх вуліцах будуць крычаць: “Гора, гора!”; ды будуць прызываць земляроба да жалобы і да галашэння — тых, што ўмеюць галасіць.
17 І ва ўсіх вінаградніках будзе плач, бо прайду пасярэдзіне цябе”, — кажа Госпад.
18 Гора тым, хто чакае дня Госпадавага! Нашто вам дзень Госпадаў? Ён — цемра, а не святло.
19 Гэта так, як бы хто ўцёк перад ільвом, а натрапіў на мядзведзя; як бы схаваўся ў дом і абапёрся рукой сваёй аб сцяну, а ўкусіла яго гадзіна.
20 Ці ж не цемра — дзень Госпадаў, ды не святло? Ці ж не цемрадзь без яснасці ў ім?
21 “Ненавіджу, брыджуся вашымі святамі і не маю ўпадабання ў вашых урачыстасцях.
22 Калі, вось, будзеце складаць Мне цэласпаленні, то вашы ахвяры не прыму і не зірну на ахвяры з сытых быкоў вашых.
23 Аддалі ад Мяне гармідар песняў сваіх, ды песні гусляў тваіх не буду слухаць!
24 Хай, як вада, цячэ прысуд, а справядлівасць — як ручай вечны.
25 Ці ж не складалі вы Мне ахвяр крывавых і ахвяр з ежы на працягу сарака гадоў у пустыні, доме Ізраэля?
26 Але і насілі вы Сакута, вашага цара, ды Кайвана, баговішчаў вашых, зорку вашых баговішчаў, якіх зрабілі сабе.
27 Таму перасялю вас за Дамаск”, — кажа Госпад; Бог Магуццяў — імя Яго.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Амоса, 5 глава. Пераклад Чарняўскага 2017

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.