1 Вось жа, гэта паказваў мне Госпад Бог: і вось, Ён ствараў саранчу напачатку, калі адрасталі розныя травы, а была гэта атава на пакосах царскіх.
2 І вось жа, калі яна скончыла з’ядаць траву на зямлі, я сказаў: “Госпадзе Божа, будзь міласцівы, малю, як застанецца Якуб? Ён жа малы”.
3 Пашкадаваў Госпад яго. “Не станецца гэта”, — сказаў Госпад Бог.
4 Вось што паказаў мне Госпад Бог: і вось, клікаў на суд праз агонь Госпад Бог, і ён паглынуў вялікую бездань, ды паглынуў таксама частку [зямлі].
5 Я прасіў: “Госпадзе Божа, перастань, малю, як жа застанецца Якуб, бо малы ён?”
6 Пашкадаваў Госпад яго. “Не станецца гэта”, — сказаў Госпад Бог.
7 Вось што паказаў мне Госпад Бог: вось жа, Муж стаіць на муры тынкаваным, і ў руцэ Яго кельня мулярская.
8 Дык сказаў Госпад Мне: “Што ты бачыш, Амосе?” І я сказаў: “Кельню мулярскую”. Дык сказаў Госпад: “Вось жа, я пакладу кельню пасярод народа майго, Ізраэля; больш ім не дарую.
9 І знішчаны будуць капішчы Ізаака, ды святыні Ізраэля будуць спустошаны, і пайду з мечам супраць дому Ерабаама”».
10 І паслаў Амазія, святар з Бэтэля, Ерабааму, цару Ізраэля, кажучы: «Змаўляецца супраць цябе Амос сярод дому Ізраэля; не зможа знесці зямля ўсіх размоў яго.
11 Гэта вось кажа Амос: “Ад меча памрэ Ерабаам, а Ізраэль будзе нявольнікам пераселены з сваёй зямлі”».
12 Дык сказаў Амазія Амосу: «Правідцу, ідзі, уцякай у зямлю Юды, і там еж хлеб, і там будзеш праракаваць;
13 а ў Бэтэлі болей не праракуй, бо гэта царская святыня і дом царства».
14 І ў адказ сказаў Амос Амазіі: «Я не прарок і не сын прарока, але я пастух і збіраю сікаморы.
15 І ўзяў мяне Госпад, калі я пасвіў статак, і сказаў мне Госпад: “Ідзі, праракуй народу Майму Ізраэлю”.
16 А цяпер паслухай слова Госпада! Ты кажаш: “Не праракуй супраць Ізраэля і не прадказвай адносна дому Ізаака”.
17 Дзеля таго вось што кажа Госпад: “Жонка твая ў горадзе будзе распуснай. Сыны ж і дочкі ад меча папрападаюць. Зямля твая будзе вяроўкай падзелена. Ты ж на зямлі спаганенай памрэш, а Ізраэль нявольнікам будзе пераселены з зямлі сваёй”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга Амоса, 7 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.