1 Дык маючы такія абяцанні, умілаваныя, ачысцім сябе ад усякага бруду цела і духа, у страху Божым дасягаючы святасці.
2 Прыміце нас! Мы нікога не скрыўдзілі, нікому не пашкодзілі, ні ад каго не дамагаліся карысці.
3 Кажу гэта не на асуджэнне; бо казаў ужо, што вы ў нашых сэрцах, каб разам памерці і разам жыць.
4 Вялікае спадзяванне ў мяне на вас, вялікая пахвала мне за вас. Я напоўнены суцяшэннем і перапоўнены радасцю ў кожным нашым горы.
5 Бо калі мы прыбылі ў Мацэдонію, наша цела не мела ніякага супакою, але мы цярпелі ўсялякае гора: звонку — напасці, унутры — страхі.
6 Але Бог, Суцяшыцель пакорлівых, суцешыў нас прыбыццём Ціта.
7 І не толькі прыбыццём яго, але і суцяшэннем, якім суцешыўся ў вас, калі распавядаў ён пра вашу руплівасць, пра вашы слёзы, пра вашу тугу па мне, з чаго радаваўся я тым болей.
8 Хоць, можа, я вас і засмуціў лістом, але не шкадую гэтага. Калі б і шкадаваў, бо бачу, што той ліст на нейкі час засмуціў вас,
9 аднак цяпер цешуся, не таму, што вы засмуціліся, але што засмуціліся на пакаянне. Засмуціліся бо дзеля Бога, каб не цярпелі ад нас ніякай шкоды.
10 Бо гэты смутак дзеля Бога ўчыняе нязменнае пакаянне на збаўленне, а смутак гэтага свету ўчыняе смерць.
11 Гэта вось, што вы засмуткавалі дзеля Бога, выклікала ў вас гэткую руплівасць, а якую абарону, а якое абурэнне, а якую боязь, а якую тугу, а які клопат ды гатоўнасць прыняць адплату. Таму ва ўсім паказаліся вы беззаганнымі ў гэтай справе.
12 Затым, калі я вам напісаў, дык не дзеля таго, хто спрычыніў крыўду, і не дзеля таго, хто пацярпеў, але каб паказаць руплівасць вашу, якую вы маеце дзеля нас у вас перад Богам.
13 Дзеля гэтага мы суцешыліся суцяшэннем вашым. А яшчэ больш узрадаваліся радасцю Ціта, што супакоены быў дух яго вамі ўсімі.
14 І я не пасаромеўся ў тым, што пахваліўся вамі перад ім. Падобна як усё гаварылі мы вам праўдзіва, так і сталася праўдай наша пахвала перад Цітам.
15 І сэрца яго яшчэ мацней туліцца да вас, калі прыпамінае вашу агульную паслухмянасць ды тое, як вы прынялі яго са страхам і трымценнем.
16 Дык я цешуся, што ва ўсім магу спадзявацца на вас.
Другі ліст да Карынцянаў, 7 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.