Лікі 19 глава

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Перевод Еп. Кассиана

 
 

І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону сказаць:
 

вось статут закона, які запавядаў Гасподзь, кажучы: скажы сынам Ізраілевым, няхай прывядуць табе рыжую цялушку без пахібы, у якое няма заганы, на якой ня было ярма;
 

і аддайце яе Элеазару сьвятару, і выведзе яе прэч з табара, і заколюць яе пры ім;
 

і няхай возьме Элеазар сьвятар пальцам сваім крыві яе і крывёю пакропіць да пярэдняга боку скініі сходу сем разоў;
 

і спаляць цялушку на вачах у яго: скуру зь яе і мяса яе і кроў зь яе зь нячыстасьцю няхай спаляць;
 

і няхай возьме сьвятар кедровых дроў і ісопу і нітку з чырванёнай воўны і кіне на спальваную цялушку;
 

і няхай вымые сьвятар вопратку сваю і абмые цела сваё вадою, і потым увойдзе ў табар, і нячысты будзе сьвятар да вечара;
 

і той, хто паліў, няхай вымые вопратку сваю вадою, і абмые цела сваё вадою, і нячысты будзе да вечара;
 

і хто-небудзь чысты няхай зьбярэ попел ад цялушкі і пакладзе за табарам на чыстым месцы, і будзе ён захоўвацца для супольства сыноў Ізраілевых, дзеля вады ачышчальнай: гэта ахвяра за грэх;
 

і той, хто зьбіраў попел ад цялушкі, няхай вымые вопратку сваю, і нячысты будзе да вечара. Гэта сынам Ізраілевым і прыхадням, якія жывуць у іх, хай будзе статутам вечным.
 

Хто дакранецца да мёртвага цела якога-небудзь чалавека, нячысты будзе сем дзён;
 

ён павінен ачысьціць сябе гэтаю вадою на трэці дзень і на сёмы дзень, і будзе чысты; а калі ён не ачысьціць сябе на трэці дзень і на сёмы дзень, дык ня будзе чысты;
 

кожны, хто дакрануўся да мёртвага цела якога-небудзь чалавека, што памёр, і не ачысьціў сябе, апаганіць жытлішча Госпада: зьнішчыцца чалавек той спасярод Ізраіля, бо ён не акроплены ачышчальнаю вадою, ён нячысты, яшчэ нячыстасьць ягоная на ім.
 

Вось закон: калі чалавек памрэ ў намёце, дык кожны, хто прыйдзе ў намёт, і ўсё ў намёце нячыстае будзе сем дзён;
 

кожны адкрыты посуд, які не абвязаны і не накрыты, нячысты.
 

Кожны, хто дакранецца на полі да забітага мечам, альбо да памерлага, альбо да косткі чалавечай, альбо да дамавіны, нячысты будзе сем дзён.
 

Нячыстаму няхай возьмуць попелу з той спаленай ахвяры за грэх і нальюць на яго жывой вады ў посуд;
 

і няхай хто-небудзь чысты возьме ізопу, і абмочыць яго ў вадзе, і акропіць намёт і ўвесь посуд і людзей, якія ў ім, і таго, хто дакрануўся да косткі, альбо да забітага, альбо да памерлага, альбо да дамавіны;
 

і няхай акропіць чысты нячыстага на трэці і на сёмы дзень і ачысьціць яго на сёмы дзень; і вымые ён вопратку сваю, і абмые вадою, і пад вечар будзе чысты.
 

А калі хто будзе нячысты і не ачысьціць сябе, дык вынішчыцца чалавек той спасярод народу, бо ён апаганіў сьвяцілішча Госпада: ачышчальнаю вадою ён не акроплены, ён нячысты.
 

І няхай будзе гэта ім устанаўленьнем вечным. І той, хто крапіў ачышчальнаю вадою, няхай вымые вопратку сваю; і хто дакрануўся да ачышчальнай вады, нячысты будзе да вечара.
 

І ўсё, да чаго дакранецца нячысты, будзе нячыстае; і той чалавек, які дакрануўся, нячысты будзе да вечара.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.