Лікі 22 глава

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Перевод Еп. Кассиана

 
 

І выправіліся сыны Ізраілевыя і спыніліся на раўнінах Маава, каля Ярдана, насупраць Ерыхона.
 

І ўбачыў Валак, сын Сэпфораў, усё, што зрабіў Ізраіль Амарэям;
 

і вельмі баяліся Маавіцяне народу гэтага, бо ён быў шматлікі; і збаяліся Маавіцяне сыноў Ізраілевых.
 

І сказалі Маавіцяне старэйшынам Мадыямскім: гэты народ зьядае цяпер усё вакол нас, як вол зьядае траву палявую. А Валак, сын Сэпфораў быў царом Маавіцянаў у той час.
 

І паслаў ён паслоў да Валаама, сына Вэоравага, у Пэтор, што на рацэ Еўфраце, у зямлі сыноў народу яго, каб паклікаць яго і сказаць: вось, народ выйшаў зь Егіпта і пакрыў улоньне зямлі, і жыве ён каля мяне;
 

дык вось, прыйдзі, пракляні мне народ гэты, бо ён мацнейшы за мяне: можа, тады я змагу разьбіць яго і выгнаць яго зь зямлі; я ведаю, што каго ты дабраславіш, той дабраславёны, і каго ты праклянеш, той пракляты.
 

І пайшлі старэйшыны Маавіцкія і старэйшыны Мадыямскія, з дарункамі ў руках за чарадзейства, і пайшлі да Валаама, і пераказалі яму словы Валакавыя.
 

І сказаў ён ім: заначуйце тут ноч, і дам вам адказ, як скажа мне Гасподзь. І засталіся старэйшыны Маавіцкія ў Валаама.
 

І прыйшоў Бог да Валаама і сказаў: якія гэта людзі ў цябе?
 

Валаам сказаў Богу: Валак, сын Сэпфораў, цар Маавіцкі, прыслаў да мяне:
 

вось, народ выйшаў зь Егіпта і пакрыў улоньне зямлі; дык вось, прыйдзі, пракляні мне яго; можа, я тады змагу падужацца зь ім і выгнаць яго.
 

І сказаў Бог Валааму: не хадзі зь імі, не праклінай народу гэтага, бо ён дабраславёны.
 

І ўстаў Валаам раніцай і сказаў князям Валакавым: ідзеце ў зямлю вашу, бо ня хоча Гасподзь дазволіць мне ісьці з вамі.
 

І ўсталі князі Маавіцкія, і прыйшлі да Валака, і сказалі: не згадзіўся Валаам ісьці з намі.
 

Валак паслаў яшчэ князёў, пабольш і знакаміцейшых за тых.
 

І прыйшлі яны да Валаама і сказалі яму: так кажа Валак, сын Сэпфораў: не адмоўся прыйсьці да мяне;
 

я зраблю табе вялікі гонар і зраблю ўсё, што ні скажаш мне; прыйдзі ж, пракляні мне народ гэты.
 

І адказваў Валаам і сказаў рабам Валакавым: хоць бы Валак даваў мне поўны дом срэбра і золата, не магу пераступіць загадаў Госпада, Бога майго, і зрабіць што-небудзь малое альбо вялікае;
 

зрэшты, застаньцеся і вы тут нанач, і я даведаюся, што яшчэ скажа мне Гасподзь.
 

І прыйшоў Бог да Валаама ўначы і сказаў яму: калі людзі гэтыя прыйшлі клікаць цябе, устань, і ідзі зь імі! але толькі рабі тое, што Я буду казаць табе.
 

Валаам устаў раніцай, асядлаў асьліцу сваю і пайшоў з князямі Маавіцкімі.
 

І запалаў гнеў Божы за тое, што ён пайшоў, і стаў анёл Гасподні на дарозе, каб перашкодзіць яму. Ён ехаў на асьліцы сваёй і два слугі ягоныя.
 

І ўбачыла асьліца анёла Гасподняга, які стаяў на дарозе з аголеным мечам у руцэ, і зьвярнула асьліца з дарогі і пайшла на поле; а Валаам пачаў біць асьліцу, каб вярнуць яе на дарогу.
 

І стаў анёл Гасподні на вузкай дарозе, паміж вінаграднікамі, дзе з аднаго боку сьцяна і з другога боку сьцяна.
 

Асьліца, убачыўшы анёла Гасподняга, прыціснулася да сьцяны і прыціснула нагу Валаама да сьцяны; і ён зноў пачаў біць яе.
 

Анёл Гасподні зноў перайшоў і стаў у цесным месцы, дзе ня было куды зьвярнуць, ні налева, ні направа.
 

Асьліца, убачыўшы анёла Гасподняга, легла пад Валаамам. І запалаў гнеў Валаама, і пачаў ён біць асьліцу кіем.
 

І разамкнуў Гасподзь вусны асьліцы, і яна сказала Валааму: што я табе зрабіла, што ты б’еш мяне вось ужо трэці раз?
 

Валаам сказаў асьліцы: за тое, што ты паглумілася зь мяне; калі б у мяне ў руцэ быў меч, дык я цяпер ужо забіў бы цябе.
 

А асьліца сказала Валааму: ці ня я твая асьліца, на якой ты езьдзіў з пачатку да гэтага дня? ці мела я звычку так рабіць з табою? Ён сказаў: не.
 

І адкрыў Гасподзь вочы Валааму, і ўбачыў ён анёла Гасподняга, які стаяў на дарозе з аголеным мечам у руцэ, і пакланіўся, і ўпаў на аблічча сваё.
 

І сказаў яму анёл Гасподні: за што ты біў асьліцу тваю аж тры разы? Я выйшаў, каб перашкодзіць табе, бо шлях твой няправільны перад Мною;
 

і асьліца, убачыўшы Мяне, зьвярнула ад Мяне вось ужо тры разы; калі б яна не зьвярнула ад Мяне, дык Я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую.
 

І сказаў Валаам анёлу Гасподняму: зграшыў я, бо ня ведаў, што Ты стаіш насупраць мяне на дарозе; дык вось, калі гэта няпрыемна ў вачах Тваіх, дык я вярнуся.
 

І сказаў анёл Гасподні Валааму: ідзі зь людзьмі гэтымі, толькі кажы тое, што Я буду казаць табе. І пайшоў Валаам з князямі Валакавымі.
 

Валак, пачуўшы, што ідзе Валаам, выйшаў насустрач яму ў горад Маавіцкі, які на граніцы пры Арноне, што каля самай мяжы.
 

І сказаў Валак Валааму: ці не пасылаў я да цябе клікаць цябе? чаму ты ня ішоў да мяне? няўжо я і праўда не магу ўшанаваць цябе?
 

І сказаў Валаам Валаку: вось, я і прыйшоў да цябе, але ці магу я штосьці ад сябе сказаць? што ўкладзе Бог у вусны мае, тое і буду гаварыць.
 

І пайшоў Валаам з Валакам, і прыйшлі ў Кірыят-Хуцот.
 

І закалоў Валак валоў і авечак і паслаў да Валаама і князёў, якія былі зь ім.
 

На другі дзень раніцай Валак узяў Валаама і ўзьвёў яго на вышыні Ваалавыя, каб ён убачыў адтуль частку народу.
 

Примечания:

 
Пераклад Васіля Сёмухі
1 У друкаванай версіі: «руінах».
 
 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.