Лікі 24 глава

Лікі
Пераклад Васіля Сёмухі → Перевод Еп. Кассиана

 
 

Валаам убачыў, што Госпаду заўгодна дабраслаўляць Ізраіля, і не пайшоў, як раней, чарадзейнічаць, а павярнуўся тварам сваім да пустыні.
 

І зірнуў Валаам і ўбачыў Ізраіля, які стаяў паводле родаў сваіх, і быў на ім Дух Божы.
 

І прамовіў ён прытчу і сказаў: гаворыць Валаам, сын Вэораў, гаворыць муж з адкрытым вокам,
 

гаворыць той, хто чуе словы Божыя, які бачыць уявы Ўсемагутнага; падае, але адкрытыя вочы ягоныя:
 

такія цудоўныя намёты твае, Якаў, селішчы твае, Ізраіле!
 

расьсьцілаюцца яны як даліны, як сады над ракою, як альясавыя дрэвы, пасаджаныя Госпадам, як кедры каля вады;
 

пальецца вада зь вёдраў ягоных, і насеньне ягонае будзе як вялікія воды, пераўзыдзе Агага цар яго і ўзвысіцца царства ягонае.
 

Бог вывеў яго зь Егіпта, імклівасьць адзінарога ў яго, пажырае народы, варожыя яму, дробіць косьці іхнія і стрэламі сваімі б’е.
 

Нахіліўся, і лёг, як леў і як ільвіца, — хто падыме яго? Хто дабраслаўляе цябе, той дабраславёны, і хто праклінае цябе, той пракляты!
 

І ўспалымніўся гнеў Валака на Валаама, і пляснуў ён рукамі сваімі, і сказаў Валак Валааму: я паклікаў цябе праклясьці ворагаў маіх, а ты дабраслаўляеш іх вось ужо трэці раз;
 

дык вось, бяжы ў сваё месца; я хацеў ушанаваць цябе, але вось, Гасподзь пазбаўляе цябе гонару.
 

І сказаў Валаам Валаку: «ці не казаў я паслам тваім, якіх ты пасылаеш да мяне:
 

«хоць бы даваў мне Валак поўны свой дом срэбра і золата, не магу пераступіць загаду Гасподняга, каб зрабіць што-небудзь добрае альбо благое па сваёй волі: што скажа Гасподзь, тое і буду казаць»?
 

дык вось, я іду да народу свайго; ідзі, я абвяшчу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім зь бегам часу.
 

І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: гаворыць Валаам, сын Вэораў, гаворыць муж з адкрытым вокам,
 

гаворыць той, хто чуе словы Божыя, хто мае ўяву ад Усявышняга, хто бачыць уявы Ўсемагутнага, падае, але адкрытыя вочы ў яго.
 

Бачу Яго, але яшчэ ня сёньня; бачу Яго, але ня блізка. Узыходзіць зорка ад Якава і паўстае жазло ад Ізраіля, і б’е князёў Маава і валіць усіх сыноў Сітавых.
 

Эдом будзе пад валоданьнем, Сэір будзе пад валоданьнем ворагаў сваіх, а Ізраіль пакажа сілу.
 

Той, хто паходзіць ад Якава, авалодае і загубіць рэшткі горада.
 

І ўгледзеў ён Амаліка, і прамовіў прытчу сваю, і сказаў: першы з народаў Амалік, але канец ягоны — пагібель.
 

І ўгледзеў ён Кенэяў, і прамовіў ён прыпавесьць сваю, і сказаў: моцнае селішча тваё, і на скале ўладжана гняздо тваё;
 

але спустошаны будзе Каін, і неўзабаве Асур паняволіць цябе.
 

І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: гора, хто ацалее, калі навядзе гэта Бог!
 

прыйдуць караблі ад Кітыма і ўрымсьцяць Асура і ўрымсьцяць Эвэра; але і ім пагібель!
 

І ўстаў Валаам і пайшоў назад у сваю мясьціну, а Валак таксама пайшоў сваёю дарогаю.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.