Езэкіеля 34 глава

Кніга прарокі Езэкіеля
Пераклад Яна Станкевіча → Перевод Еп. Кассиана

 
 

І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
 

«Сыну людзкі! праракай праз пастыроў Ізраелявых, праракай і скажы ім, пастыром: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Авохці пастыром Ізраелявым, што пасьвяцца самы! ці ня маюць пастыры пасьціць чараду?
 

Тук вы ясьце й воўнаю адзяіцеся, рэжаце ўкормленых, але чарады ня пасьвіце.
 

Слабых вы ня сіліце, хворага ня лечыце, зломаў не завязуеце, адпіхнёнага не зварачаеце, згубленага ня шукаеце, але сілаю радзіце іх, ды стродка.
 

І расьцярушыліся без пастыра, і сталі жырам усім зьвяром палявым, як былі расьцярушыўшыся.
 

Авечкі Мае блудзяць па ўсіх гарах і на кажным высокім узгорку; але, па ўсім відзе зямлі расьцярушаны авечкі Мае, і ніхто не сачыў і ня шукаў іх’"».
 

Затым, пастыры, слухайце слова СПАДАРОВА:
 

«Жыў Я, — агалашае Спадар СПАДАР, — напэўна з тае прычыны авечкі Мае сталі глабаньням, і авечкі Мае сталі жырам кажнаму зьвяру палявому, што ня было пастыра, і пастыры Мае не сачылі авечак Маіх, але пастыры самы пасьвіліся, а авечак Маіх ня пасьвілі.
 

Затым, пастыры, слухайце слова СПАДАРОВА:
 

"Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Гля, Я супроці пастыроў, і Я спаганю чараду Сваю з рукі іхнае, і аддалю іх ад пашчаньня авец, і наперад пастыры ня будуць пасьвіцца самы, бо Я вывальню авечкі Свае ад роту іхнага, і ня будуць ежаю ім’"»;
 

Бо гэтак кажа Спадар СПАДАР: «Гля, Я пасачу авечкі свае і разгледжу іх.
 

Як пастыр разглядае чараду сваю ў дзень, як ён меж расьцярушаных авец сваіх, так Я разгледжу авечкі Свае й вывальню іх із усіх мясцовасьцяў, куды яны былі расьцярушаны хмарнага а цемнага дня.
 

І вывяду іх із памеж людаў, і зьбяру іх із краёў, і прывяду іх да собскае зямлі іхнае, і буду пасьціць іх на горах Ізраелявых ля рэк і на ўсіх заселеных мясцовасьцях краю.
 

На добрым пасьцьбішчу буду пасьціць іх, і на высокіх горах Ізраелявых будзе загарадня іх, там яны будуць ляжаць у добрай загарадні і на сытым пасьцьбішчу будуць пасьціцца, на горах Ізраелявых.
 

Я буду пасьціць чараду Сваю і зьдзею, што яны будуць супачываць, — агалашае Спадар СПАДАР. —
 

Згубленае буду шукаць, прагнаную зьвярну, і раненую абвяжу, і слабую пасілю; але сытую а дужую зьнішчу: буду пасьціць іх судам.
 

І што да вас, авечкі Мае, гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Гля, Я судзьдзя меж ягняці й ягняці, меж бараноў і казлоў.
 

Хіба мала вам пасьвіцца на добрым пасьцьбішчу, прымеж тога вы топчаце нагамі сваімі астачу свайго пасьцьбішча? і піць із чыстых водаў, прымеж тога астачу муціце нагамі сваімі?
 

І што да авец Маіх, то яны пасьвяцца на тым, што патаптана нагамі вашымі, і п’юць тое, што замучана нагамі вашымі"».
 

Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР ім: «Вось, Я буду судзіць меж ягняці сытога й ягняці худога;
 

Бо бакамі а плячыма піхаецеся і рагамі сваімі бадзіце ўсіх няўздолеючых, пакуль не разжаніце іх вон.
 

Затым Я спасу авечкі свае, і яны ўжо ня будуць глабаньням, і рассуджу меж ягняці й ягняці.
 

І пастанаўлю аднаго пастыра над імі, і ён будзе пасьціць іх, слугу Свайго Давіда; ён будзе пасьціць іх і ён будзе ў іх за пастыра.
 

І Я, СПАДАР, буду вам Богам, і Мой слуга Давід князям у вас; Я, СПАДАР, казаў.
 

І ўчыню зь імі змову супакою, і аддалю злога зьвера ізь зямлі, і будуць жыць бясьпечна на пустыні, і спаць у лясох.
 

І зраблю іх і аколіцы ўзгорку Свайго дабраславенствам, і зышлю дождж упару; дажджы дабраславенства будуць.
 

І дасьць палявое дзерва плод свой, і зямля дасьць ўрод свой, і будуць на зямлі сваёй бясьпечнымі; і даведаюцца, што Я — СПАДАР, як патрышчу вязі йга іхнага, што паняволілі іх.
 

І ня будуць ужо глабаняю народаў, і зьвер земны ня будзе жэрці іх, але будуць жыць бясьпечна, і няма страшучага.
 

І ўладжу ім славутую рошчу, ня будзе ўжо губіць іх галадоў у зямлі, і наперад ня будуць цярпець ганьбы ад народаў.
 

І даведаюцца, што Я, СПАДАР, Бог іх — ізь імі, і яны, дом Ізраеляў, люд Мой, — агалашае Спадар СПАДАР. —
 

А вы, авечкі мае, авечкі пасты Мае, людзі вы, а Я Бог ваш», — агалашае Спадар СПАДАР.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.