Кніга Егошуі 2 глава

Кніга Егошуі Нунянка
Пераклад Яна Станкевіча → Аверинцев: отдельные книги

 
 

І паслаў Ігошуа Нунянок цішком із Сытыму двух мужоў узьведнікаў, кажучы: «Пайдзіце, выглядзіце зямлю а Ерыхон». І пайшлі, прышлі да дому жонкі бязулі, а імя яе Рагаў, і ляглі там.
 

І наказалі каралю Ерыхонскаму, кажучы: «Вось, людзі прышлі сюды гэтае ночы із сыноў Ізраелявых, каб выглядзець зямлю».
 

І паслаў кароль Ерыхонскі Рагаве, кажучы: «Вывядзі людзёў, што прышлі да цябе, каторыя ўвыйшлі ў дом твой; бо выглядзець усю зямлю яны прышлі».
 

І ўзяла жонка двух чалавекаў тых, і схавала іх, і сказала: «Але, прыходзілі да мяне людзі, але я ня ведала, скуль яны.
 

І сталася, як надабе было замкнуць браму, бо сьцямнела, мужы тыя тады вышлі; ня ведаю, куды пайшлі мужы тыя; ганіцеся барзьдзей за імі, бо вы дагоніце іх».
 

А сама ўзьвяла іх на страху, і схавала іх у снапох лёну, раскладзеных у яе на страсе.
 

А людзі гналіся за імі па дарозе да Ёрдану аж да броду; а браму замкнулі, просьле тога як вышлі тыя, што гналіся за імі.
 

Уперад чымся яны ляглі, яна ўзышла да іх на страху,
 

І сказала тым людзём: «Я ведаю, што даў СПАДАР вам зямлю, і што паў жах ваш на нас, і што скволелі ўсі жыхары зямлі перад вамі;
 

Бо мы чулі, як высушыў СПАДАР воды Чырвонага мора перад вамі, як вы вышлі зь Ягіпту, і што ўчынілі вы двум каралём Аморэйскім, каторыя на другім баку Ёрдану, Сыгону а Оґу, каторых вы аканавалі.
 

І мы ўчулі, і скволелі сэрцы нашыя, і ні ў кога ня ўзьняўся ўжо дух перад вамі; бо СПАДАР, Бог ваш, ё Бог на небе ўгары й на зямлі далавах.
 

І цяпер прысягніце, калі ласка, імне СПАДАРОМ, што, як я зрабіла вам ласку, то зробіце таксама ласку дому айца майго; і дасьце мне праўдзівы знак;
 

І захаваеце жывых айца майго а маці маю а братоў маіх а сёстраў маіх а ўсіх, хто ё ў іх, і выбавіце душы нашы ад сьмерці».
 

І сказалі ёй гэтыя людзі: «Душа нашая за вас на сьмерць, калі вы не азнайміце гэтае нашае справы; і будзе, як СПАДАР дасьць нам зямлю, дык зробім з табою міласэрдзе й праўду».
 

І спусьціла яна іх на паварозе пераз акно, бо дом ейны быў у месцкай сьцяне, і ў сьцяне яна жыла;
 

І сказала ім: «На гару йдзіце, каб ня стрэлі вас гонячыя, і хавайцеся там тры дні, пакуль ня зьвернуцца гонячыя тыя; а потым пойдзеце ў дарогу сваю».
 

І сказалі ёй тыя людзі: «Мы вольныя будзем ад прысягі гэтае, каторай ты нас запрысягла:
 

Вось, мы ўходзім у зямлю, то чырвовы віты павароз гэты прывяжы да акна, каторым ты нас спусьціла, і айца свайго а маці сваю а братоў сваіх а ўсю радзіму айца свайго зьбяры да сябе да дому свайго.
 

І будзе, што кажны, хто выйдзе зь дзьвярэй твайго дому вонкі, таго кроў на галаве ягонай, а мы нявінныя; а хто будзе з табою ў доме, таго кроў на галаве нашай, калі чыя рука дакранецца да яго.
 

Калі ж ты азнайміш гэтую нашую справу, то мы будзем вольныя ад прысягі твае, каторай ты нас запрысягла».
 

І яна сказала: «Подле словаў вашых так яно хай будзе». І адпусьціла іх, і яны пайшлі, а яна прывязала да акна віты чырвовы павароз.
 

Яны пайшлі, і прышлі на гару, і прабылі там тры дні, пакуль не зьвярнуліся гонячыя. І шукалі іх гонячыя па ўсёй дарозе, і не знайшлі.
 

І зьвярнуліся два гэтыя чалавекі, зышлі з гары, і перайшлі Ёрдан, і прышлі да Ігошуі Нунянка, і пераказалі яму ўсе, што зь імі прыгадзілася.
 

І сказалі Ігошуу, што «аддаў СПАДАР у рукі нашы ўсю зямлю», што таксама «скволелі перад намі ўсі жыхары зямлі».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.