Егошуа 2 глава

Кніга Егошуа
Пераклад Антонія Бокуна → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Егошуа, сын Нуна, з Шыттыму паслаў патаемна двух выведчыкаў і сказаў ім: «Ідзіце і аглядайце зямлю і горад Ерыхон». І яны пайшлі, і ўвайшлі ў дом распусьніцы імем Рахаў, і там затрымаліся.
 

Паведамілі пра гэта валадару Ерыхонскаму і сказалі: «Гэтыя людзі прыйшлі сюды ўначы ад сыноў Ізраіля, каб выведаць зямлю».
 

І валадар Ерыхонскі паслаў да Рахаў людзей, загадваючы: «Вывядзі тых людзей, якія прыйшлі да цябе і ўвайшлі ў дом твой. Яны — выведчыкі і прыйшлі выведаць усю гэтую зямлю».
 

Але жанчына ўзяла і схавала мужоў тых, і сказала: «Прызнаюся, прыйшлі да мяне людзі тыя, але я ня ведала, адкуль яны.
 

Калі ў поцемках зачынялася брама, яны разам выйшлі, і я ня ведаю, куды яны пайшлі. Бяжыце хутка за імі і зловіце іх».
 

Сама ж яна завяла іх на дах дому свайго і закрыла іх снапамі лёну, якія там былі.
 

Тыя ж людзі [валадара] пабеглі дарогаю, якая ідзе да бродаў на Ярдане. Пасьля іх адыходу брама была адразу зачынена.
 

Яшчэ не заснулі тыя, што хаваліся, як Рахаў прыйшла да іх і сказала:
 

«Я ведаю, што ГОСПАД аддаў вам зямлю гэтую, і жах перад вамі ахапіў нас, і ўсе жыхары зямлі памлелі перад вамі.
 

Чулі мы, што ГОСПАД асушыў перад вамі воды Мора Чырвонага, калі выйшлі вы з Эгіпту і што вы зрабілі двум валадарам Амарэйскім, якія жылі за Ярданам, Сыгону і Огу, якіх вы забілі.
 

Усё вось гэта чуючы, мы баімся, і млее ў нас сэрца нашае, і займае дух нам дзеля надыходу вашага. Бо ГОСПАД, Бог ваш, Ён — Бог у небе высока і на зямлі нізка.
 

І цяпер прысягніце мне на ГОСПАДА, што як я вам зьявіла міласэрнасьць, так і вы зробіце ласку сям’і бацькі майго і дасьцё мне знак як заруку,
 

што захаваеце бацьку майго і маці маю, братоў маіх і сёстраў маіх і ўсё, што іхняе, і ўратуеце душы нашыя ад сьмерці».
 

Яны адказалі ёй: «Мы за вас гатовыя памерці, калі толькі нас ня выдасі. Калі ГОСПАД аддасьць нам зямлю гэтую, мы зьявім табе міласэрнасьць і вернасьць».
 

І спусьціла яна іх на вяроўцы з акна, бо дом яе прылягаў да муру гарадзкога і яна нібыта ў мурах жыла.
 

І сказала яна ім: «Ідзіце ў горы, каб часам не сустрэлі вас тыя, што шукаюць вас. Там перахаваецеся тры дні, пакуль яны вернуцца, і тады пойдзеце шляхам сваім».
 

Выведчыкі сказалі ёй: «Мы будзем чыстыя ад прысягі гэтай, якою запрысягла ты нас, калі ты ня зробіш гэтак:
 

Калі мы ўвойдзем у зямлю гэтую, ты прывяжы вяроўку з пурпуровых нітак да вакна, праз якое спусьціла нас. І забяры ў дом свой бацьку твайго, маці тваю, братоў тваіх і ўсю радню тваю.
 

Калі хто выйдзе з дзьвярэй дому твайго, кроў ягоная спадзе на галаву ягоную, а мы будзем невінаватыя. А калі хто ў доме з табой будзе заставацца, кроў ягоная спадзе на галаву нашую, калі нечая рука іх дакранецца.
 

Калі ж нашую справу ты выявіш, мы будзем свабодныя ад прысягі, якою ты нас зьвязала».
 

На гэта яна адказала: «Як вы сказалі, няхай так будзе». І адпусьціла іх у дарогу, і яны пайшлі, а яна павесіла пурпуровую вяроўку ў вакне.
 

Выведчыкі пайшлі, і прыйшлі ў горы, і там былі тры дні, аж пакуль не вярнуліся людзі, пасланыя на пошукі іх. Тыя ж шукалі па ўсёй дарозе і не знайшлі іх.
 

Тады вярнуліся і два выведчыкі. Яны зыйшлі з гары, пераправіліся праз раку, а калі прыйшлі да Егошуа, сына Нуна, расказалі яму ўсё, што іх спаткала.
 

І дадалі: «Аддаў ГОСПАД у рукі нашыя ўсю зямлю гэтую, і ўсе жыхары яе млеюць у страху перад намі».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.