Ешуа 2 глава

Кніга Ешуа
Пераклад Чарняўскага 2017 → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Ешуа, сын Нуна, з Сэтыма паслаў патаемна двух выведчыкаў і сказаў ім: «Ідзіце і аглядайце зямлю і горад Ерыхон». Яны пайшлі, і ўвайшлі ў дом жанчыны распусніцы на імя Рахаб, і там затрымаліся.
 

І данеслі аб гэтым цару Ерыхонскаму, і сказалі: «Вось, людзі прыйшлі сюды ноччу ад сыноў Ізраэля, каб выведаць зямлю».
 

Дык цар Ерыхонскі паслаў да Рахаб, загадваючы: «Выведзі людзей, якія прыбылі да цябе і ўвайшлі ў твой дом, бо яны выведчыкі і прыбылі выведаць усю зямлю».
 

А жанчына ўзяла і схавала мужчын, і сказала: «Прызнаюся, прыбылі да мяне тыя людзі, але я не ведала, адкуль яны;
 

і калі ў поцемках зачынялася брама, то і яны разам выйшлі, я не ведаю, куды яны пайшлі. Бяжыце хутка за імі і зловіце іх».
 

Сама ж яна завяла іх на дах дома свайго і накрыла іх ільняною саломаю, якая там была.
 

Тыя ж, каго паслалі, пабеглі за імі дарогаю, якая ідзе да бродаў на Ярдане, і па іх адыходзе брама была зараз жа зачынена.
 

Яшчэ не заснулі тыя, што хаваліся, і вось, жанчына прыйшла да іх і сказала:
 

«Я ведаю, што Госпад аддаў вам гэтую зямлю, і жах перад вамі ахапіў нас, і ўсе жыхары зямлі самлелі перад вамі.
 

Бо чулі мы, што Госпад асушыў перад вамі воды Чырвонага мора, калі выйшлі вы з Егіпта, і што вы зрабілі двум царам амарэйскім, якія жылі за Ярданам: Сэгону і Огу, якіх вы забілі.
 

І, гэта чуючы, мы баімся, і млее сэрца наша, і займае дух нам дзеля вашага надыходу; бо Госпад, Бог ваш, Ён — Бог у небе высока і на зямлі нізка.
 

Такім чынам, цяпер прысягніце мне Госпадам, што як я вам аказала міласэрнасць, так і вы зробіце ласку сям’і бацькі майго і дасцё мне знак як заруку,
 

што захаваеце бацьку майго і маці, братоў і сясцёр маіх і ўсё, што ёсць у іх, і ўратуеце душы нашы ад смерці».
 

Яны адказалі ёй: «Мы за вас гатовы памерці, калі толькі нас не выдасі; калі Госпад аддасць нам гэтую зямлю, акажам табе міласэрнасць і вернасць».
 

Дык спусціла яна іх на вяроўцы з акна; бо дом яе прылягаў да мура гарадскога і яна як бы ў муры пражывала.
 

І сказала яна ім: «Ідзіце ў горы, каб часам не сустрэлі вас пераследнікі вашы, і там схаваецеся на тры дні, пакуль яны не вернуцца; і тады пойдзеце сваёю дарогаю».
 

Выведчыкі сказалі ёй: «Мы будзем чыстыя ад прысягі гэтай, якою звязала ты нас,
 

калі па нашым уваходзе ў гэтую зямлю не будзе гэта вяроўка з пурпуровых нітак табой прымацавана да акна, праз якое спусціла ты нас, і забяры ў дом свой бацьку свайго, і маці, і братоў, і ўвесь род свой.
 

Калі хто выйдзе з дзвярэй дома твайго, то кроў яго ўпадзе на яго галаву, і мы будзем не вінаваты, а кроў кожнага, хто ў доме з табой будзе заставацца, упадзе на нашу галаву, калі хто да яго дакранецца.
 

Бо калі не выканаеш гэтае абяцанне, мы будзем свабодны ад той прысягі, якой ты нас звязала».
 

І яна адказала: «Як вы сказалі, няхай так будзе». І, адпусціўшы іх у дарогу, яна павесіла пурпуровую вяроўку ў акне.
 

А выведчыкі пайшлі, і прыбылі ў горы, і там прабылі тры дні, аж пакуль не вярнуліся людзі, пасланыя на пошукі іх; бо яны, шукаючы па ўсёй дарозе, не знайшлі іх.
 

Вярнуліся два выведчыкі і сышлі з гары, і, пераправіўшыся праз Ярдан, прыбылі да Ешуа, сына Нуна, і расказалі яму ўсё, што здарылася з імі,
 

і дадалі: «Аддаў Госпад у рукі нашы ўсю гэтую зямлю, і ўсе жыхары яе млеюць у страху перад намі».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.