Да Галатаў 1 глава

Ліст да Галатаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Паўла, Апостал не ад людзей і не праз чалавека, але праз Ісуса Хрыста і Бога Айца, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
 

і ўсе браты, што са мною, цэрквам Галатыі:
 

ласка вам і супакой ад Бога Айца нашага і ад Госпада нашага Ісуса Хрыста,
 

Які аддаў Самога Сябе за грахі нашы, каб вырваць нас з сучаснага веку ліхога па волі Бога і Айца нашага,
 

Якому слава на векі вечныя. Амін.
 

Дзіўлюся я, што гэтак хутка перакінуліся вы ад таго, які паклікаў вас да ласкі Хрыстовай, да іншага евангелля,
 

якое не ёсць іншае, але, напэўна, знайшліся нейкія, што баламуцяць вас ды хочуць перавярнуць Евангелле Хрыстова.
 

Але калі б нават мы або анёл з неба дабравесціў вам нешта іншае, чым тое, што мы дабравесцілі вам, хай будзе анатэма!
 

Як мы вам казалі раней, і цяпер зноў вам кажу: калі б хто дабравесціў вам звыш таго, што атрымалі вы, хай будзе анатэма!
 

Людзям я цяпер дагаджаю ці Богу? Ці я імкнуся людзям падабацца? Калі б я людзям падабаўся, не быў бы паслугачом Хрыстовым!
 

Паведамляю вам, браты, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ёсць з волі чалавека,
 

бо я яго не ад чалавека атрымаў або навучыўся яму, але праз аб’яўленне Ісуса Хрыста.
 

Чулі вы, пэўна, аб паводзінах маіх калісьці ў юдэйстве, як звыш меры пераследаваў я Царкву Божую і знішчаў яе,
 

і вылучаўся ў юдэйстве між многімі аднагодкамі ў родзе сваім, з’яўляючыся найбольш руплівым аб бацькоўскіх традыцыях сваіх.
 

Калі ж спадабалася Богу, Які выбраў мяне яшчэ ва ўлонні маці маёй і паклікаў ласкай Сваёй,
 

каб аб’явіць ува мне Сына Свайго, каб я дабравесціў пра Яго сярод паганаў, не стаў я радзіцца з целам і крывёю
 

і не пайшоў у Ерузалім да сваіх папярэднікаў Апосталаў, але выправіўся ў Арабію і адтуль зноў вярнуўся ў Дамаск.
 

Толькі пасля трох гадоў прыйшоў я ў Ерузалім убачыць Пётру і прабыў у яго пятнаццаць дзён.
 

З іншых Апосталаў не бачыў ніводнага, апрача Якуба, брата Госпадава.
 

А ў тым, што пішу вам, вось, перад Богам не хлушу.
 

Потым пайшоў я ў ваколіцы Сірыі і Цыліцыі.
 

З твару быў я невядомы цэрквам Юдэі, якія ў Хрысце,
 

а толькі чулі пра мяне, што той, які калісьці пераследаваў іх, цяпер дабравесціць веру, якую раней нішчыў,
 

і за мяне славілі Бога.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.