Яна 1 глава

Евангелле паводле Яна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Аверинцев: отдельные книги

 
 

На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова.
 

Яно было на пачатку ў Бога.
 

Усё праз Яго сталася, і без Яго не сталася нічога з таго, што сталася;
 

у Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей,
 

і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго.
 

Быў чалавек, пасланы Богам, якому імя было Ян;
 

ён прыйшоў на сведчанне, каб прадставіць сведчанне аб Святле, каб усе паверылі праз яго.
 

Не быў ён святлом, але [прыйшоў,] каб прадставіць сведчанне аб Святле.
 

Было праўдзівае Святло, Якое асвятляе кожнага чалавека, што прыходзіць у свет.
 

Яно было ў свеце, і свет праз Яго стаўся, і свет Яго не пазнаў.
 

Прыйшло Яно да сваіх, і свае Яго не прынялі.
 

А тым, якія Яго прынялі, дало магутнасць стацца сынамі Божымі, тым, што вераць у імя Яго,
 

якія не з крыві, ані з жадання цела, ані з жадання мужа, але з Бога нарадзіліся.
 

І Слова сталася целам, і пасялілася між намі, і мы бачылі славу Яго, славу як Адзінароднага ад Айца, — поўнае ласкі і праўды.
 

Ян дае сведчанне аб Ім і заклікае, кажучы: «Гэта быў Той, пра Якога я сказаў: Які па мне мае прыйсці, перада мною стаў, бо перш за мяне быў».
 

І з паўнаты Яго ўсе мы ўзялі, і ласку за ласку;
 

бо закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Ісуса Хрыста.
 

Бога ніхто ніколі не бачыў; Адзінародны Сын, Які ва ўлонні Айца, Ён Сам з’явіў.
 

І вось сведчанне Яна, калі юдэі з Ерузаліма паслалі да яго святароў і левітаў, каб у яго спыталіся: «Хто ты?»
 

І прызнаўся, і не запярэчыў; і прызнаўся: «Я не Хрыстос».
 

Дык пыталіся ў яго: «Дык што? Ты мо Ілля?» І кажа: «Не». «Дык ты прарок?» І адказвае: «Не».
 

Дык сказалі яны яму: «Хто ж ты, каб мы маглі даць адказ тым, што нас паслалі. Што ты кажаш сам пра сябе?»
 

Ён гаворыць: «Я — голас лямантуючага ў пустыні: “Рыхтуйце дарогу Госпаду”, як сказаў прарок Ісая».
 

А пасланцы былі з фарысеяў,
 

і сказалі яму: «Чаму тады хрысціш, калі ты не Хрыстос, не Ілля, ані прарок?»
 

Адказаў ім Ян, кажучы: «Я хрышчу вадою; але пасярод вас паўстаў Той, Каго вы не ведаеце,
 

Які па мне ідзе, але наперадзе мяне быў, Якому я не варты развязаць рамень пасталоў Яго».
 

Гэта адбылося ў Бэтаніі за Ярданам, дзе Ян хрысціў.
 

Назаўтра ўбачыў Ян Ісуса, што ішоў да яго, і гаворыць: «Вось, Ягня Божае, Той, Хто бярэ на Сябе грэх свету.
 

Гэта Той, пра Якога я сказаў: пасля мяне прыходзіць Чалавек, Які стаў перада мной, бо быў раней за мяне.
 

І я не ведаў Яго, але дзеля таго прыйшоў я, хрысцячы вадой, каб мог Ён аб’явіцца Ізраэлю».
 

І прадставіў Ян сведчанне, кажучы: «Бачыў я Духа, што сыходзіў з неба, як голуб, і Ён застаўся на Ім;
 

і я Яго не ведаў, але Той, Хто мяне паслаў хрысціць вадою, сказаў мне: “На Каго ўбачыш, што Дух сыходзіць і застаецца на Ім, гэта Той, Хто хрысціць Духам Святым”.
 

І гэта я сам бачыў і сведчу, што Ён — Сын Божы».
 

На другі дзень зноў стаяў Ян і два вучні яго,
 

і, зірнуўшы на Ісуса, Які праходзіў міма, Ян кажа: «Вось Ягня Божае».
 

Дык пачулі Яго два вучні, як ён гэта казаў, і пайшлі за Ісусам.
 

Ісус, павярнуўшыся і ўбачыўшы, што яны ідуць, кажа ім: «Што шукаеце?» Яны сказалі Яму: «Рабі, — што ў перакладзе значыць Настаўнік, — дзе жывеш?»
 

Кажа ім: «Ідзіце і ўбачыце». Дык пайшлі і ўбачылі, дзе жыў, і засталіся той дзень з Ім, а было блізу гадзіны дзясятай.
 

А адным з двух, што пачулі ад Яна і пайшлі за Ім, быў Андрэй, брат Сімона Пётры.
 

Ён знаходзіць перш брата свайго Сімона і кажа яму: «Знайшлі мы Месію», што значыць — Хрыста,
 

і прывёў яго да Ісуса. А Ісус, глянуўшы на яго, сказаў: «Ты Сімон, сын Ёны; будзеш называцца Кіфа, што значыць Пётра».
 

Назаўтра Ісус маніўся ісці ў Галілею ды знаходзіць Піліпа. І кажа яму Ісус: «Ідзі за Мною».
 

А Піліп быў з Бэтсайды, горада Андрэя і Пётры.
 

Піліп жа напаткаў Натанаэля і кажа яму: «Мы знайшлі Таго, аб Кім пісаў Майсей у законе і прарокі: Ісуса, Сына Язэпа з Назарэта».
 

І сказаў яму Натанаэль: «Ці можа быць што добрае з Назарэта?» Кажа яму Піліп: «Ідзі і паглядзі».
 

Убачыў Ісус, што Натанаэль ідзе да Яго, і кажа пра яго: «Вось праўдзівы ізраэлец, у якім няма хітрасці».
 

Натанаэль кажа Яму: «А скуль жа мяне ведаеш?» Адказваючы, сказаў яму Ісус: «Я бачыў цябе перш, чым пазваў цябе Піліп, калі ты быў пад фігавым дрэвам».
 

Адказаў яму Натанаэль: «Рабі, Ты — Сын Божы, Ты — Валадар Ізраэля!»
 

Адказаў яму Ісус і сказаў: «Таму, што Я табе сказаў: “Я цябе бачыў пад фігавым дрэвам”, паверыў ты? Болей за гэта ўбачыш».
 

І кажа яму: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: убачыце неба адкрытае і анёлаў Божых, што ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.