Яна 2 глава

Евангелле паводле Яна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Аверинцев: отдельные книги

 
 

І на трэці дзень спраўлялася вяселле ў Кане Галілейскай, і была там Маці Ісуса.
 

Таксама Ісус разам з вучнямі Яго быў пакліканы на вяселле.
 

А калі не хапіла віна, Маці Ісуса кажа Яму: «Віна не маюць».
 

І кажа Ёй Ісус: «Што Мне і Табе, жанчына? Яшчэ не прыйшла Мая гадзіна».
 

Кажа тады Маці Яго паслугачам: «Зрабіце, што вам загадае».
 

А было там шэсць каменных глякоў, што стаялі дзеля абмывання юдэяў, і кожны з іх змяшчаў па два або па тры меры.
 

Кажа ім Ісус: «Напоўніце глякі вадой». І напоўнілі іх аж да краёў.
 

І кажа ім: «Чэрпайце цяпер і занясіце маршалку». І занеслі.
 

А калі маршалак пакаштаваў ваду, якая замянілася ў віно, — а не ведаў, адкуль узялося віно, паслугачы ж, што чэрпалі ваду, ведалі, — пазваў маршалак маладога
 

і кажа яму: «Кожны чалавек дае найперш добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае: ты ж захаваў добрае віно аж дасюль».
 

Такі вось пачатак знакаў учыніў Ісус у Кане Галілейскай і аб’явіў славу Сваю, і паверылі ў Яго вучні Яго.
 

Пасля таго пайшоў Сам, і Маці, і браты, і вучні Яго ў Кафарнаўм, і там заставаліся некалькі дзён.
 

І блізка была Пасха юдэйская, дык Ісус узышоў у Ерузалім.
 

І знайшоў у святыні тых, што прадавалі валоў, авец і галубоў, і мянялаў грошай, што сядзелі.
 

І, зрабіўшы з вяровак біч, павыганяў усіх са святыні, таксама авечак і валоў, і грошы мянялаў рассыпаў і сталы перакуліў;
 

і тым, што прадавалі галубоў, сказаў: «Выносьце гэта адсюль! Не рабіце дома Айца Майго домам гандлю».
 

І прыпомнілі вучні Яго, што напісана: «Руплівасць пра дом Твой з’ядае Мяне».
 

Тады юдэі, адказваючы, сказалі Яму: «Які знак пакажаш нам, што гэта робіш?»
 

Ісус, адказваючы, сказаў ім: «Зруйнуйце гэтую святыню, і Я ў тры дні адбудую яе».
 

Дык сказалі тады юдэі: «Сорак шэсць гадоў будавалі гэтую святыню, а Ты ў тры дні адбудуеш яе?»
 

Але Ён гаварыў пра святыню цела Свайго.
 

Дык калі ўваскрос з мёртвых, вучні Яго прыпомнілі, што ім пра гэта казаў, і ўверылі Пісанню і словам, якія сказаў Ісус.
 

А калі быў Ён у Ерузаліме ў дзень святочны на Пасху, многія паверылі ў імя Яго, бачачы знакі, якія Ён чыніў.
 

Але Сам Ісус не давяраўся ім, таму што ведаў усіх,
 

і не меў патрэбы, каб хто сведчыў аб чалавеку: бо Ён ведаў, што ёсць у чалавеку.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.