Іаана 2 глава

Евангелле паводле Іаана
Пераклад Анатоля Клышкi → Аверинцев: отдельные книги

 
 

І на трэці дзень адбывалася вяселле ў Кане Галілейскай, і была там Ісусава Маці.
 

Быў запрошаны на вяселле таксама і Ісус, і Яго вучні.
 

І калі не стала віна, Ісусава Маці кажа Яму: У іх няма віна.
 

[І] Ісус кажа Ёй: Што Мне і Табе, Жанчына? Яшчэ мая гадзіна не прыйшла.
 

Яго Маці кажа слугам: Што Ён вам скажа, зрабіце.
 

А там паводле іудзейскага абраду ачышчэння стаяла шэсць каменных пасудзін на ваду, што змяшчалі па дзве ці тры меры.
 

Ісус кажа ім: Напоўніце пасудзіны вадою. — І яны напоўнілі іх даверху.
 

І кажа ім: Цяпер зачарпніце і нясіце распарадчыку балю. — І яны занеслі.
 

Калі ж распарадчык паспыта вады, што зрабілася віном, а ён не ведаў, адкуль яно ўзялося, слугі ж, што чэрпалі ваду, ведалі, — тады кліча распарадчык маладога
 

і кажа яму: Кожны чалавек спярша ставіць добрае віно, а калі ап’янеюць, [тады] горшае; ты дагэтуль збярог добрае віно.
 

Так Ісус зрабіў у Кане Галілейскай пачатак знакаў і выявіў Сваю славу, і Яго вучні ўверавалі ў Яго.
 

Пасля гэтага сышоў у Капернаум Ён Сам, і Яго Маці, і (Яго) браты, і Яго вучні, і там заставаліся некалькі дзён.
 

І набліжалася іудзейская Пасха, і Ісус узышоў у Іерусалім.
 

І Ён знайшоў у святыні людзей, што прадавалі валоў, авечак, галубоў, і грашаменаў, якія тут сядзелі.
 

І Ён, зрабіўшы бізун з аборак, усіх выгнаў са святыні, і авечак, і валоў, а ў мяняйлаў рассыпаў манеты і абярнуў сталы
 

і прадаўцам галубоў сказаў: Забірайце гэта адсюль, не рабіце дом Майго Бацькі домам гандлю.
 

[І] ўспомнілі Яго вучні, што напісана: «Руплівасць пра дом Твой з’ядае Мяне».
 

Тады іудзеі ў адказ сказалі Яму: Які знак нам пакажаш, што маеш уладу гэта рабіць?
 

У адказ Ісус сказаў ім: Зруйнуйце гэты храм, і Я за тры дні ўзвяду яго.
 

Тады іудзеі сказалі: Сорак шэсць гадоў будавалі гэты храм, а Ты за тры дні ўзвядзеш яго?
 

А Ён казаў пра храм Свайго Цела.
 

Дык калі ж Ён быў уваскрэшаны з мёртвых, Яго вучні ўспомнілі, што Ён казаў гэта, і паверылі Пісанню і слову, якое сказаў Ісус.
 

І калі Ён быў у Іерусаліме на свяце Пасхі, многія ўверавалі ў Яго імя, бачачы знакі, якія Ён рабіў.
 

Але Сам Ісус не давяраўся ім, бо Ён ведаў усіх,
 

і таму не меў патрэбы, каб хто сведчыў пра чалавека, бо Ён Сам ведаў, што было ў чалавеку.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.