Да Каласянаў 1 глава

Ліст да Каласянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Павел, з волі Божай Апостал Хрыста Ісуса, і Цімафей, брат, —
 

святым і верным у Хрысце [Ісусе] братам, што ў Калосах: ласка вам і мір ад Бога, нашага Бацькі, [і Госпада Ісуса Хрыста].
 

Дзякуем Богу і Бацьку Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды молячыся аб вас,
 

пачуўшы пра вашую веру ў Хрыста Ісуса і пра любоў, якую вы маеце да ўсіх святых
 

праз надзею, падрыхтаваную вам на нябёсах, аб якой вы чулі раней у слове праўды дабравесця,
 

якое дайшло да вас; як і ва ўсім свеце, яно жыве, прыносячы плод і ўзрастаючы, як і ў вас з таго дня, як вы пачулі і пазналі ласку Божую ў праўдзе,
 

як навучыліся ад Эпафраса, нашага ўлюбёнага супрацоўніка, які ёсць верны слуга Хрыста для вас;
 

які і паведаміў нам пра вашу любоў у Духу.
 

Таму і мы з таго дня, як пачулі пра гэта, не перастаём маліцца за вас і прасіць, каб вы напоўніліся пазнаннем Яго волі ва ўсёй мудрасці і духоўным разуменні,
 

каб пражыць годна Госпада, ва ўсім дагаджаючы Яму, прыносячы плод у кожнай добрай справе і ўзрастаючы ў пазнанні Бога,
 

узмацняючыся ўсёю сілай праз магутнасць Яго славы для ўсялякай стойкасці і доўгацярплівасці з радасцю,
 

дзякуючы [Богу і] Бацьку, што зрабіў нас здольнымі1 ўдзельнічаць у долі святых у святле;
 

Які выбавіў нас ад улады цемры і перанёс у царства Сына Сваёй любові,
 

у Якім мы маем выкуп [праз Яго кроў], дараванне грахоў;
 

Які ёсць вобраз нябачнага Бога, Першародны кожнага стварэння;
 

таму што ў Ім былостворана ўсё: на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і дзеля Яго створана;
 

і Ён ёсць перад усім, і ўсё існуе ў Ім,
 

і Ён ёсць Галава Цела — царквы; Ён пачатак, Першародны з мёртвых, каб ва ўсім Ён меў першынство,
 

таму што было патрэбна Богу, каб у Ім пасялілася ўся паўната
 

і каб праз Яго прымірыць з Сабою ўсё, усталяваўшы мір Крывёю Яго крыжа — праз Яго — як тое, што на зямлі, так і тое, што ў нябёсах.
 

І вас, што былі некалі адчужанымі і ворагамі ў розуме з-за ліхіх учынкаў,
 

Ён цяпер прымірыў у чалавечым Яго целе праз смерць, каб паставіць вас святымі, беззаганнымі і бездакорнымі перад Сабою,
 

калі ж вы сапраўды застаяцеся ў веры цвёрда і непарушна і не адступаеце ад надзеі дабравесця, якое вы чулі, якое было абвешчана ўсялякаму стварэнню пад небам, слугою якога зрабіўся я, Павел.
 

Цяпер я радуюся ў [маіх] пакутах за вас і дапаўняю нястачу скрухаў Хрыстовых у маім целе за Яго Цела, якое ёсць Царква,
 

слугою якой я зрабіўся паводле домакіравання Божага, дадзенага мне для вас, каб завяршыць слова Божае,
 

таямніцу, схаваную ад вякоў і пакаленняў; а цяпер адкрытую Яго святым,
 

якім Бог захацеў адкрыць, якое ёсць багацце славы гэтай таямніцы сярод язычнікаў, якая ёсць Хрыстос у вас — надзея славы;
 

Якога мыабвяшчаем, настаўляючы на розум кожнага чалавекаі навучаючы кожнага чалавека ва ўсёй мудрасці, каб прадставіць кожнага чалавека дасканалым у Хрысце [Ісусе],
 

дзеля таго я і працую, змагаючыся Яго сілаю, якая магутна дзейнічае ўва мне.
 

Примечания:

 
Пераклад Анатоля Клышкi
12 1: У некат. рукап. Заклікаў нас.
 
 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.