2 да Цімафея 1 глава

Другі ліст да Цімафея
Пераклад Чарняўскага 2017 → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Паўла, Апостал Хрыста Ісуса, з волі Бога, паводле абяцання жыцця, якое ёсць у Хрысце Ісусе,
 

Цімафею, улюбёнаму сыну: ласка, міласэрнасць і супакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
 

Дзякую Богу, Якому служу ад прабацькоў з чыстым сумленнем, што ў маіх малітвах уночы і днём без перапынку маю ў памяці цябе,
 

і прагну ўбачыць цябе, памятаючы твае слёзы, каб напоўніцца радасцю,
 

і прыпамінаю веру не фальшывую, якая ёсць у табе, якая жыла найперш у бабулі тваёй Лаідзе і маці тваёй Эўніцы, ды я перакананы, што і ў табе.
 

Дзеля гэтай прычыны нагадваю табе, каб узграваў ты дар Божы, які ёсць у табе праз ускладанне рук маіх.
 

Бо не даў нам Бог духа страху, але сілы, любові і цвярозага мыслення.
 

Дык не саромейся тады сведчання Госпада нашага, ані мяне, вязня Яго, але працуй дзеля Евангелля моцы Бога,
 

Які збавіў нас і паклікаў святым пакліканнем не паводле нашых спраў, але паводле пастановы Сваёй і ласкі, якая дадзена нам у Хрысце Ісусе спрадвеку,
 

а цяпер аб’явілася праз з’яўленне Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які знішчыў смерць і асвяціў жыццё і несмяротнасць праз Евангелле,
 

дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам, і Апосталам, і вучыцелем паганаў.
 

З гэтай прычыны пераношу цярпенні, але не саромеюся, бо ведаю, Каму паверыў, і маю пэўнасць, што Ён мае моц захаваць уклад мой на той дзень.
 

За ўзор вазьмі здаровыя словы, якія чуў ты ад мяне, адносна веры і любові, што ў Хрысце Ісусе.
 

Беражы добры ўклад Духа Святога, Які прабывае ў нас.
 

Ці ведаеш тое, што ўсе, што ў Азіі, між імі Фігел і Гермаген, адвярнуліся ад мяне?
 

Хай дасць міласэрнасць Госпад дому Анэсіфора, бо часта ён мяне падмацоўваў і не саромеўся кайданоў маіх,
 

але, прыбыўшы ў Рым, пільна шукаў мяне і знайшоў.
 

Хай дасць яму Госпад знайсці міласэрнасць у Госпада ў той дзень. А колькі ён служыў у Эфесе, ты лепей ведаеш.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.