1 Яна 4 глава

Першы ліст сьвятога Яна апостала
Пераклад П. Татарыновіча → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Мілыя мае! Не кажнаму духу верце, але распазнавайце духаў, ці яны ад Бога, шмат бо хвальшывых прарокаў выйшла на сьвет.
 

А духа Божага пазнаецца вось з чаго: кажны дух, які вызнае, што Езус Хрыстус прыйшоў у целе, з Бога ёсьць;
 

а кажны дух, што Езуса не вызнае, ня ёсьць ад Бога, але ёсьць гэным Антыхрыстам, аб якім вы чулі, што прыдзе і цяпер вось ужо ёсьць на сьвеце.
 

Вы, дзеткі, з Бога і паканалі іх, большы бо Той, Хто ў вас ёсьць, чым той, што ў сьвеце.
 

Яны ёсьць зы сьвету, таму й гавораць па-сьвецку й сьвет іх слухае.
 

Мы з Бога ёсьць; хто знае Бога, слухае нас; а хто ня з Бога, ня слухае нас; з гэтага й распазнаём духа праўды і духа маны.
 

Любыя мае! Любем адзін другога, бо любасьць ад Бога ёсьць; і кажны, хто любіць, з Бога народжаны ды знае Бога;
 

а хто ня любіць — не пазнаў Бога, Бог бо ёсьць любасьць.
 

У тым выявілася Божая любасьць да нас, што Бог спаслаў на сьвет адзінароднага Сына свайго, каб мы жылі праз Яго.
 

Любасьць у тым, што ня мы Бога палюбілі, але Ён першы узлюбіў нас і спаслаў свайго Сына дзеля зласкаўоення за грахі нашы.
 

Найдаражэйшыя! Калі нас палюбіў гэтак Бог, дык і мы павінны любіць адзін другога.
 

Бога ніхто ніколі ня бачыў, калі мы ўзаемна любімся, дык Бог прабывае ў нас, і любасьць Яго ў нас ёсьць дасканальная.
 

Што Ён прабывае ў нас, а мы ў Ім, дык гэта пазнаём з таго, што даў нам з Духа Свайго.
 

І мы бачылі ды сьветчым, што Айцец паслаў Сына, Збавіцеля Сьвету.
 

Хто вызнае, што Езус ёсьць Сынам Божым, у тым прабывае Бог, а ён у Богу.
 

Мы пазналі міласьць, якую мае да нас Бог, ды ўверылі ў яе. Бог ёсьць міласьцю і хто трывае ў міласьці, ў Богу трывае, а Бог трывае ў ім.
 

Міласьць Бога з намі датаго дасканаліцца, што мы маем надзею на дзень суду, бо які Ён, гэткія й мы ў гэтым сьвеце.
 

У любасьці няма боязі, дасканальная любасьць выганяе боязь, яна бо наводзіць прыгнобу; хто баіцца, той у любасьці ня ёсьць дасканальны.
 

Мы восьжа любім Бога, бо Ён першы ўмілаваў нас.
 

Каліб хто казаў, што любіць Бога, а брата свайго ненавідзеўбы, той ілгун; бо той, хто ня любіць брата свайго, якога бачыць, якжа можа Бога любіць, Якога ня бачыць?
 

І мы гэткае прыказанне маем ад Бога: каб хто любіць Яго, любіў і брата свайго.
 

Примечания:

 
Пераклад П. Татарыновіча

1 ...духу — не кажнай навуцы, падбухторванню; распазнаваць благія навукі памагае ласка Духа Св. і перасьцярогі душпастырскія.

2 Тут альлюзыя да тагдышняй гэрэзыі Кэрынтоса.

6 ...слухае нас — Апосталаў ды іх наступнікаў...

15 Іставетна вызнае Хрыстуса толькі той, хто шчыра прыймае усю Ягоную навуку ды ўсе установы.

18 ...боязі нявольніцкай. Але гэта ня выключае боязі збаўленнай, так часта ў Св. Пісанні дараджванай, боязі зь любасьці, каб не засмуціць мілага Айца Нябеснага. І гэткая любасьць выганяе страх, тую боязь, якою баімося стаць перад Богам-Судзьдзёю, так якбы Ён ня быў нашым Айцом Наймілейшым і Міласэрным.

 
 


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.