1 Іоана 4 глава

Першае Пасланьне Іоана
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Аверинцев: отдельные книги

 
 

Умілаваныя! ня ўсякаму духу ве́рце, але выспрабуйце духаў, ці ад Бога яны, бо многа зьявілася на сьве́це фальшывых прарокаў.
 

Духа Божага пазнавайце з гэтага: усякі дух, які вызнае́ Ісуса Хрыста, што прыйшоў у це́ле, ёсьць ад Бога;
 

а ўсякі дух, які не вызнае́ Ісуса Хрыста, што прыйшоў у це́ле, ня ёсьць ад Бога, і гэта дух антыхрыста, аб якім вы чулі, што ён прыдзе, і цяпер ёсьць ужо ў сьве́це.
 

Дзе́ткі! вы — ад Бога і вы перамаглі іх; бо той, хто ў вас, большы за таго, хто ў сьве́це.
 

Яны — ад сьве́ту, бо і гавораць ад сьве́ту, і сьве́т слухае іх.
 

Мы — ад Бога: хто знае Бога, слухае нас; хто не ад Бога, той ня слухае нас. Гэтак вось і пазнае́м духа праўды і духа манлівасьці.
 

Умілаваныя! будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і знае Бога.
 

Хто ня любіць, той не пазнаў Бога, бо Бог ёсьць любоў.
 

Божая любоў да нас у тым выявілася, што Бог паслаў на сьве́т адзінароднага Сына Свайго, каб мы жылі праз Яго.
 

У тым любоў, не што мы палюбілі Бога, але што Ён палюбіў нас і паслаў Сына Свайго дзеля зьмілаваньня над грахамі нашымі.
 

Умілаваныя! калі Бог палюбіў нас гэтак, дык і мы павінны любіць адзін аднаго.
 

Бога ніхто ніколі ня бачыў: калі-ж мы любім адзін аднаго, дык Бог у нас прабывае, і любоў Яго дасканалая ў нас.
 

Што мы прабываем у Ім, і Ён — у нас, пазнае́м па тым, што Ён даў нам ад Духа Свайго.
 

І мы бачылі й сьве́дчым, што Аце́ц паслаў Сына, Збавіцеля сьве́ту.
 

Хто вызнае́, што Ісус ёсьць Сын Божы, у тым прабывае Бог, і ён у Богу.
 

І мы пазналі любоў, якую мае да нас Бог, і паве́рылі ў яе́. Бог ёсьць любоў, і той, хто прабывае ў любві, прабывае ў Богу, і Бог у ім.
 

Любоў дасканаліцца з намі на тое, каб мы ме́лі адвагу ў дзе́нь суда, бо які Ён, гэткія й мы ў гэтым сьве́це.
 

Страху няма ў любві, але дасканалая любоў вон выганяе страх, бо ў страху ёсьць мучэньне; хто баіцца, той у любві недасканалы.
 

Мы любім Яго, бо Ён пе́рш палюбіў нас.
 

Хто кажа: я люблю Бога, а брата свайго ненавідзіць, той брахун; бо хто ня любіць брата свайго, якога ба́чыць, як можа любіць Бога, якога ня бачыць?
 

І мы маем ад Яго гэткую запаведзь, каб той, хто любіць Бога, любіў і брата свайго.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.