Адкрыццё 1 глава

Адкрыццё Яна
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

 
 

Адкрыццё Ісуса Хрыста, якое Яму даў Бог, каб аб’явіў рабам Сваім, што павінна стацца ў хуткім часе; і, паслаўшы праз анёла Свайго, Ён даў знак рабу Свайму Яну,
 
Аб’яўленне Езуса Хрыста, якое даў Яму Бог, каб паказаць слугам сваім, што неўзабаве павінна адбыцца. Ён паказаў гэта, паслаўшы свайго анёла да слугі свайго Яна,

які засведчыў слова Божае і сведчанне Ісуса Хрыста пра ўсё, што бачыў.
 
які засведчыў пра Божае слова і сведчанне Езуса Хрыста, і пра ўсё, што бачыў.

Шчасны той, хто чытае і чуе словы прароцтва ды выконвае тое, што ў ім напісана; бо час блізкі.
 
Шчаслівы, хто чытае, і тыя, хто слухае словы прароцтва і захоўвае напісанае ў ім, бо час блізкі.

Ян сямі цэрквам у Азіі: ласка вам і супакой ад Таго, Які ёсць, Які быў і Які прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад пасадам Яго,
 
Ян — сямі Касцёлам у Азіі: ласка вам і спакой ад таго, які ёсць, і быў, і прыходзіць, і ад сямі Духаў, што перад Ягоным тронам,

і ад Ісуса Хрыста, Які ёсць сведка верны, Першародны з памерлых і Валадар валадароў зямных. Яму, Які ўзлюбіў нас, і абмыў нас ад грахоў нашых Крывёю Сваёй,
 
і ад Езуса Хрыста, вернага сведкі, першароднага сярод памерлых і Уладара зямных каралёў. Таму, хто любіць нас і хто праз сваю кроў вызваліў нас ад нашых грахоў

і зрабіў нас царамі і святарамі Богу і Айцу Свайму, Яму слава і валадарства на векі вечныя. Амін.
 
і ўчыніў нас валадарствам і святарамі для Бога і Айца свайго, Яму хвала і моц на векі вечныя. Амэн.

Вось жа, прыходзіць у аблоках, і ўбачыць Яго ўсякае вока, і тыя, што Яго працялі, і залямантуюць перад Ім усе плямёны зямлі. Так, амін!
 
Вось Ён прыходзіць з аблокамі, і кожнае вока ўбачыць Яго і ўсе тыя, хто працяў Яго. І будуць аплакваць Яго ўсе пакаленні зямлі. Так, амэн.

Я — Альфа і Амега, Пачатак і Канец, — кажа Госпад, Які ёсць, Які быў і Які прыйдзе, Усемагутны.
 
Я — Альфа і Амега, — кажа Пан Бог, — які ёсць, які быў і які прыходзіць, Усемагутны.

Я, Ян, брат ваш і сутрывалец у прыгнёце, і ў Валадарстве і ў вытрываласці Ісуса Хрыста, быў на востраве, які называецца Патмас, дзеля слова Божага і сведчанне Ісуса Хрыста.
 
Я, Ян, брат ваш і саўдзельнік ва ўціску, у валадарстве і вытрываласці ў Езусе, быў на востраве, званым Патмас, дзеля слова Божага і дзеля сведчання пра Езуса.

Я быў у духу ў дзень Госпадаў, і пачуў за сабою зычны голас, быццам трубы,
 
Я напоўніўся Духам у дзень Пана і пачуў за сабою гучны голас, быццам трубы,

які казаў: «Я — Альфа і Амега, Першы і Апошні, і што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі цэрквам, што ў Азіі: у Эфес, і ў Смірну, і ў Пергам, і ў Тыятыру, і ў Сарды, і ў Філадэльфію, і ў Лаадыцэю».
 
які казаў: «Што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі Касцёлам: у Эфес, Смірну, Пергам, Тыятыру, Сарды, Філадэльфію і Лаадыкею».

Я павярнуўся, каб зірнуць, чый быў голас, што да мяне гаварыў; і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых светачаў,
 
Я абярнуўся, каб паглядзець, чый голас прамаўляў да мяне. Калі абярнуўся, убачыў сем залатых свечнікаў,

і паміж сямі светачаў залатых Кагосьці, быццам Сына Чалавечага; Ён апрануты ў доўгія шаты і падперазаны пад грудзі залатым поясам;
 
а пасярод свечнікаў кагосьці падобнага да Сына Чалавечага, апранутага ў доўгія шаты і падпяразанага на грудзях залатым пасам.

галава ж Яго і валасы былі белыя, як чыстая воўна, быццам снег, і вочы Яго як полымя агню,
 
А Яго галава і валасы былі белыя, быццам белая воўна, быццам снег, а вочы Ягоныя былі як полымя агню.

і ногі Яго падобныя да бронзы, распаленай у печы, і голас Яго падобны да гуку бурлівых водаў,
 
Ногі ж Ягоныя былі падобныя да бронзы, нібы распаленай у печы, а голас Яго — як шум вялікай вады.

і Ён трымаў у правай руцэ Сваёй сем зорак, з вуснаў жа Яго вытыркаўся меч двусечны востры, і твар Яго зіхацеў, як сонца ў магутнасці сваёй.
 
У сваёй правай руцэ меў Ён сем зорак, а з Яго вуснаў выходзіў востры двухбаковы меч, і твар Яго быў як сонца, што свеціць у сваёй моцы.

І, убачыўшы Яго, паў я да ног Яго, быццам нежывы. А Ён паклаў правую руку Сваю на мяне, кажучы: «Не бойся! Я — Першы, і Апошні,
 
Калі я ўбачыў Яго, упаў да ног Ягоных, нібы мёртвы. Ён паклаў на мяне правіцу сваю, кажучы: «Не бойся! Я — Першы і Апошні,

і жывы; і быў мёртвым, і, вось, жывы на векі вечныя, амін; і маю ключы смерці і пекла.
 
і жывы; і быў мёртвы, і вось жывы на векі вечныя; і маю ключы смерці і адхлані.

Дык напішы, што ты ўбачыў, што ёсць і што павінна стацца пасля гэтага.
 
Таму напішы тое, што ты ўбачыў, і што ёсць, і што павінна стацца пасля гэтага.

Таямніца сямі зорак, якія ты ўбачыў у Маёй правай руцэ, і сямі светачаў залатых: сем зорак — гэта сем анёлаў сямі цэркваў, а сем светачаў — гэта сем цэркваў.
 
Што да таямніцы сямі зорак, якія ты бачыў у Маёй правіцы, і сямі залатых свечнікаў, то сем залатых зорак — гэта анёлы сямі Касцёлаў, а сем свечнікаў — гэта сем Касцёлаў.



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.