Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Выслоўяў Саламонавых 14 Выслоўяў Саламонавых 14 раздзел

1 Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі.
2 Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго.
3 У вуснах у немысьля — біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе.
4 Дзе няма валоў, там — ясьлі пустыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў.
5 Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы.
6 Распусны шукае мудрасьці і не знаходзіць; а разумны лёгка набывае веды.
7 Адыдзі ад чалавека пустога, у якога ты ня бачыш разумных вуснаў.
8 Мудрасьць разумнага — што ён зважае на дарогу сваю, а дурасьць немысьляў — толькі ашука.
9 Неразумныя сьмяюцца з грэху, а сярод праведных — Божая мілата.
10 Сэрца ведае горыч сваю, і чужынец ня дзеліць радасьці ягонай.
11 Дом беззаконных зруйнуецца, а жытлішча праведных расьцьвіце.
12 Ёсьць шляхі, якія здаюцца чалавеку простымі; але канец іх — шлях сьмерці.
13 І ад сьмеху часам баліць сэрца, і канцом радасьці бывае смутак.
14 Чалавек з разбэшчаным сэрцам насыціцца ад дарог сваіх, і добры — ад сваіх.
15 Немысель верыць кожнаму слову, а разумны зважае на крокі свае.
16 Мудры баіцца і ўнікае зла, а неразумны раздражнёны і саманадзейны.
17 Запальчывы можа ўчыніць глупства; а чалавек, які наўмысна чыніць благое, ненавісны.
18 Невукі спадкуюць дурасьць, а разумных увенчваюць веды.
19 Схіляцца ліхія перад добрымі, і бязбожныя — каля варот праведніка.
20 Беднага ненавідзіць, бывае, нават блізкі яго, а ў багатага многа сяброў.
21 Хто пагарджае блізкім сваім, той грэшыць; а мілажальны да бедных, той шчасны.
22 Ці не памыляюцца тыя, што намышляюць ліхое? Мілажаль і вернасьць у тых, што намышляюць добрае.
23 Ад усякае працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі пахіба.
24 Вянок мудрых — багацьце іхняе, а дурасьць невукаў дурасьць і ёсьць.
25 Верны сьведка ратуе душы, а ілжывы нагаворвае шмат ілжы.
26 У страху перад Госпадам — надзея цьвёрдая, і сынам сваім Ён прыстанішча.
27 Страх Гасподні — крыніца жыцьця, што аддаляе ад сетак сьмерці.
28 У мностве народу — веліч цара, а пры малалюдзтве — бяда ўладару.
29 У цярплівага чалавека багата розуму, а ў палкага многа дурасьці.
30 Ціхмянае сэрца — жыцьцё целу, а зайздрасьць — гнілізна касьцям.
31 Хто ўціскае беднага, той ганіць Творцу яго; а хто шануе Яго, той творыць дабро беднаму.
32 За ліха сваё бязбожны будзе адкінуты, а праведны і пры сьмерці сваёй мае надзею.
33 Мудрасьць у сэрцы ў разумнага, і сярод неразумных яна адкрываецца.
34 Праведнасьць узвышае народ, а беззаконьне — ганьба народаў.
35 Ласка царова — рабу разумнаму, а гнеў цара — супроць таго, хто ганьбіць яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга выслоўяў Саламонавых, 14 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.