Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Выслоўяў Саламонавых 22 Выслоўяў Саламонавых 22 раздзел

1 Добрае імя лепшае за вялікае багацьце, і добрая слава лепшая за срэбра і золата.
2 Багаты і бедны сустракаюцца адзін з адным; таго і другога стварыў Гасподзь.
3 Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад, прымаюць кару.
4 За пакораю ідзе сьледам страх Гасподні, багацьце і слава і жыцьцё.
5 Церні і сеткі на дарозе падступнага; хто беражэ душу сваю, адыдзіся ад іх.
6 Наставі юнака на пачатку шляху яго: ён ня збочыць зь яго, калі і састарыцца.
7 Багаты пануе над бедным, і даўжнік робіцца рабом пазычальніка.
8 Хто сее няпраўду, пажне буру, і біч гневу яго прападзе.
9 Міласэрны будзе дабраславёны, бо дае беднаму ад хлеба свайго.
10 Прагані блюзьнера, і зьнікне разлад, і выйдзе зь ім свара і кляцьба.
11 Хто любіць чысьціню сэрца, той мае прыемнасьць на вуснах, таму цар — сябар.
12 Вочы Госпада ахоўваюць веды, а словы вераломнікаў Ён абвяргае.
13 Гультай кажа: «леў на вуліцы! сярод плошчы заб’юць мяне!»
14 Глыбокая прорва — вусны распусьніц; на каго ўгневаецца Гасподзь, той упадзе туды.
15 Глупства прывязалася да сэрца юнака; але дубец выхаваньня адвядзе яе ад яго.
16 Хто крыўдзіць беднага, каб памножыць сваё багацьце, і хто дае багатаму, той зьбяднее.
17 Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё павярні да маіх ведаў;
18 бо добра будзе, калі ты будзеш хаваць іх у сэрцы тваім, і яны будуць таксама на вуснах тваіх.
19 Каб надзея твая была на Госпада, я вучу цябе і сёньня, і ты памятай.
20 Ці ж ня пісаў я табе тройчы ў парадах і ў настаўленьні,
21 каб навучыць цябе дакладным словам ісьціны, каб ты мог сказаць словы ісьціны тым, хто папытае ў цябе?
22 Не абірай беднага, бо ён бедны; і не заціскай няшчаснага ў браме;
23 бо Гасподзь заступіцца за справу іхнюю і забярэ душу ў рабаўнікоў іхніх.
24 Не сябруй зь гняўлівым і ня супольнічай з чалавекам запальчывым,
25 каб ня стаць на шляхі ягоныя і не наклікаць пятлі на душу тваю.
26 Ня будзь з тых, якія даюць рукі і ручаюцца за пазыкі.
27 Калі табе няма чым заплаціць, дык навошта даводзіць сябе, каб узялі пасьцель тваю з-пад цябе.
28 Не перасоўвай мяжы даўняй, якую правялі бацькі твае.
29 Ці бачыў ты чалавека спраўнага ва ўчынках сваіх? Ён будзе стаяць перад царамі; ён ня будзе стаяць перад простымі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга выслоўяў Саламонавых, 22 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.