Біблія » Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Выслоўяў Саламонавых 31 Выслоўяў Саламонавых 31 раздзел

1 Слова Лемуіла цара. Настаўленьне, якое дала яму маці ягоная:
2 што, сыне мой? Што, сыне ўлоньня майго? Што, сыне зарокаў маіх?
3 Не аддавай жанчыне сілы тваёй, ні шляхоў тваіх пагубніцам цароў.
4 Не царам, Лемуіле, не царам піць віно, і не князям — сякеру,
5 каб, напіўшыся, яны не забылі закона і не перакруцілі суд усіх прыгнечаных.
6 Дайце сякеру таму, хто гіне, і віно засмучанаму душою;
7 хай ён вып’е і забудзе беднасьць сваю і не згадае больш пра сваю пакуту.
8 Размыкай вусны свае за безгалосага і дзеля абароны ўсіх занядбаных.
9 Размыкай вусны свае дзеля правасудзьдзя і дзеля беднага і гаротнага.
10 Хто знойдзе дабрадзейную жонку? цана яе вышэй за жэмчуг.
11 Пэўнае ў ёй сэрца мужа яе, і не застанецца ён бяз прыбытку.
12 Яна аддае яму дабром, а ня злом, ва ўсе дні жыцьця свайго.
13 Здабывае воўну і лён, і ахвотна працуе сваімі рукамі.
14 Яна, як купецкія караблі, здалёку вязе свой хлеб.
15 Яна ўстае на досьвітку, і раздае ежу ў доме сваім і належнае слугам сваім.
16 Падумае пра поле, і купляе яго; ад плёну рук сваіх садзіць вінаграднік.
17 Апярэзвае сілаю сьцёгны свае і мацуе мышцы свае.
18 Яна адчувае, што занятак яе добры, і — сьветач яе ня тухне і ўначы.
19 Працягвае рукі свае да прасьніцы, і пальцы яе бяруцца за верацяно.
20 Далоню сваю яна растуляе беднаму, і руку сваю падае ўбогаму.
21 Не баіцца сьцюжы для сям’і сваёй, бо ўся сям’я яе апранута ў двайную адзежу.
22 Яна робіць сабе дываны; вісон і пурпура — вопратка яе.
23 Муж яе вядомы каля брамы, калі сядзіць са старэйшынамі зямлі.
24 Яна робіць покрывы, і прадае, і паясы дастаўляе купцам Фінікійскім.
25 Моц і прыгажосьць яе — вопратка яе, і весела глядзіць яна ў будучыню.
26 Вусны свае растуляе з мудрасьцю, і добрая парада на языку ў яе.
27 Яна сочыць за гаспадаркай у доме сваім і ня есьць хлеба гультайскага.
28 Устаюць дзеці — і дагаджаюць ёй, — муж, і хваліць яе:
29 «шмат было жонак дабрадзейных; але ты пераўзышла іх усіх».
30 Мілавіднасьць падманлівая і прыгажосьць марная; а жонка, якая баіцца Госпада, вартая пахвалы.
31 Дайце ёй ад плёну рук яе, і хай праславяць яе каля брамы ўчынкі яе!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Кніга выслоўяў Саламонавых, 31 раздзел. Пераклад Васіля Сёмухі.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.